17 гадоў — за 70 хвілін размовы. Крымскага актывіста асудзілі за «падрыхтоўку да гвалтоўнага захопу ўлады»
Суд у Расіі прысудзіў крымскага імама Раіфа Феўзіева да 17 гадоў пазбаўлення волі. Імам цалкам адмаўляе вылучаныя яму абвінавачванні і заяўляе, што крымінальная справа супраць яго была сфальсіфікаваная расійскімі сілавікамі.
12 студзеня расійскі Паўднёвы акруговы ваенны суд Растова-на-Доне абвясціў прысуд фігуранту «Справы крымскіх мусульман» імаму Раіфу Феўзіеву, паведамляе праекту Крым.Реалии грамадскае аб'яднанне «Крымская салідарнасць».
Расійскі суд прызнаў Феўзіева вінаватым у «падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады» і «арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі».
«Суддзя прызнаў рэлігійнага дзеяча Раіфа Феўзіева вінаватым і прысудзіў яго да 17 гадоў пазбаўлення волі. Першыя тры гады ён павінен адбыць у турме. Суд таксама ўстанавіў абмежаванні пасля вызвалення на 1,5 года. Умовы абмежаванняў прадугледжваюць забарону выходзіць з дому з 22.00 да 6.00, наведваць масавыя мерапрыемствы, удзельнічаць у іх, пакідаць Крым без дазволу нагляднага органа, змяняць месца жыхарства», — гаворыцца ў паведамленні.
Сам Раіф Феўзіеў адмаўляе прад'яўленыя яму абвінавачванні і заяўляе, што крымінальная справа супраць яго была сфальсіфікаваная расійскімі сілавікамі.
«Як можна зразумець з абвінавачаньня, аўдыёзапіс ад 15 студзеня 2016 году сведчыць пра тое, што спецслужбы нібыта праводзілі следчыя дзеянні ў дачыненні да мяне пяць з паловай гадоў. Увесь гэты час я жыў па адным адрасе, нікуды не выязджаў і не планаваў выязджаць. І гэта павінны былі ведаць супрацоўнікі, якія вялі такое доўгае расследаванне. Лічу, што дзеянні спецслужбаў з'яўляюцца празмерным перавышэннем паўнамоцтваў», — заявіў у дэбатах Феўзіеў.
Адвакат асуджанага крымскага імама Эдэма Семядляева пракаментаваў вынесены расійскім судом прысуд, і заявіў, што яго кліента асудзілі на 17 гадоў «за размовы пра іслам».
«Забойцам такіх тэрмінаў не даюць. Сёння за 70-хвілінную размову пра іслам чалавеку далі 17 гадоў», — сказаў Семедляеў.
У чэрвені адвакат Раіфа Феўзіева Эдэм Семядляеў паведаміў, што ва ўмовах расійскага зняволення ў яго падабароннага пагоршыўся стан здароўя і развіўся шэраг захворванняў.
ФСБ Расіі распачала крымінальную справу аб «падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады» ў дачыненні да пяці затрыманых у жніўні 2021 года крымскіх татараў і мусульманаў, у тым ліку Раіфа Феўзіева.