Амбасада Туркменістану назвала хлуснёй інфармацыю аб смерці прэзідэнта
Пра смерць прэзідэнта Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедава паведаміла радыёстанцыя «Говорит Москва», спаслаўшыся на дырэктара Цэнтру маніторынгу еўразійскіх праблемаў Аслана Рубаева, перадае Белсат.

Гурбангулы Бердымухамедаў
Паведамленні пра смерць кіраўніка Туркменістану не адпавядаюць рэчаіснасці. Пра гэта ТАСС паведамілі ў амбасадзе Туркменістану ў Маскве.
Аслан Рубаеў атрымаў інфармацыю пра смерць прэзідэнта Туркменістану ад бізнесменаў, якія працуюць у Ашгабадзе.
«Калі спытаў, ці сапраўды, яны сказалі: ёсць знаёмыя, якія працуюць у спецслужбах, яны кажуць, што гэта так, што гэта адбылося, калі ён выйшаў у адпачынак», – сказаў Рубаеў.
Гурбангулы Бердымухамедаў пайшоў у адпачынак 15 ліпеня.
Першыя паведамленні пра смерць Бердымухамедава з’явіліся ў Telegram-канале ElMurid, які спецыялізуецца на асвятленні падзеяў у арабскіх краінах. У ЖЖ El Murid таксама паведамляецца, што пачаліся масавыя арышты акружэння Бердымухамедава. А ягонага сына нібыта арыштавалі.
«Калі паведамленні праўдзівыя, то да таго моманту, пакуль найбуйнейшыя туркменскія кланы не ўзгодняць новага Туркменбашы, наўрад ці будзе абвешчана пра ягоную смерць», – гаворыцца ў допісе El Murid.
Раней YouTube-канал «Свабодны Туркменістан» са спасылкай на карэспандэнтаў у Ашгабадзе паведаміў, што палітык памёр 20 ліпеня. Прычынай смерці назвалі вострую нырачную недастатковасць.
Журналісты туркменскага выдання «Гундогар» сцвярджаюць, што адзін з самалётаў Бердымухамедава 12 ліпеня прызямліўся ў Нямеччыне, дзе на лячэнні знаходзіцца маці кіраўніка Туркменістану.Туркменістан з’яўляецца адной з самых закрытых краінаў у свеце.
Гурбангулы Бердымухамедаў узначаліў Туркменістан у канцы 2006 года. Яму 62 гады.
belsat.eu