Авіякампанія Ryanair адмяніла 150 рэйсаў у Германіі

Тарыфная спрэчка, што вядзецца прафсаюзамі з ірландскім лаўкостарам Ryanair, пагражае абвастрыцца. Кіраўніцтва авіякампаніі прыстрашыла звальненнямі ў Германіі.

ryanair-ru.com

ryanair-ru.com

Ірландская авіякампанія Ryanair у сераду, 12 верасня, адмяніла 150 з 400 рэйсаў у Германіі. Як заявіў раней, 11 верасня, дырэктар кампаніі па маркетынгу Кені Джэйкабс, адмена рэйсаў звязана з забастоўкай 400 пілотаў і 1000 бортправаднікоў Ryanair, якая пачалася ў сераду і працягнецца суткі.
Пасажырам, закранутым адменай рэйсаў, вышлюць адпаведныя паведамленні па СМС ці электроннай пошце. Ім прапанавана перанесці палёт на іншы дзень або атрымаць назад грошы за квіток.
Выступаючы ў Франкфурце-на-Майне перад журналістамі, Джэйкабс паказаў, што ў выпадку, калі прафсаюзы працягнуць курс на забастоўкі, кіраўніцтва кампаніі праверыць дванаццаць пунктаў базавання Ryanair у Германіі і магчыма скароціць там лётны і абслугоўваючы персанал.

Тарыфная спрэчка вядзецца са студзеня


Рашэнне пра страйк было прынята аб'яднаннем пілотаў Cockpit і прафсаюзам Ver.di пасля таго, як 5 верасня безвынікова скончыўся другі раўнд перамоваў з кіраўніцтвам кампаніі. У жніўні пілоты лаўкостараў у Германіі і іншых еўрапейскіх краінах ужо аб'яўлялі страйк, які стаў найбуйнейшым за ўсю гісторыю Ryanair. Прафсаюзы вядуць перамовы з кіраўніцтвам ірландскай авіякампаніі са студзеня 2018, дамагаючыся заключэння першага тарыфнага пагаднення і павышэння заробкаў.
Ryanair месціцца ў Ірландыі, аднак выконвае палёты па ўсім Еўрасаюзе і ў шэраг іншых краін, выкарыстоўваючы ў якасці буйных перасадачных вузлоў многія аэрапорты, уключаючы нямецкія.
DW