Азербайджан пагражае збіваць армянскія самалёты над Карабахам
Азербайджан назваў ініцыятыву армянскіх сіл па правядзенні вайсковых вучэнняў у Нагорным Карабаху як «правакацыю, накіраваную на рост напружанасці», перадае Радыё Свабода.
Падраздзяленні Арміі абароны Нагорнага Карабаху 25—28 верасня праводзяць вучэнні. У гэтай сувязі Міністэрства абароны Азербайджану распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што «любы самалёт суперніка, які паспрабуе наблізіцца да перадавых пазіцый падраздзяленняў азербайджанскай арміі, будзе неадкладна нейтралізаваны».
Паводле азербайджанскага Мінабароны, «уся адказнасць за магчымыя страты будзе цалкам ляжаць на вайскова-палітычным кіраўніцтве Арменіі».
Заходнія інфармацыйныя агенцтвы спасылаюцца на камандзіраў Карабахскіх сіл, якія заявілі, што «ў выпадку пагрозы з боку Узброеных сіл Азербайджану яны без ваганняў дадуць адказ».
Нагорны Карабах, населены пераважна армянамі, абвясціў аб выхадзе з складу Азербайджана ў 1991 годзе. Гэта прывяло да ўзброенага канфлікту, падчас якога Азербайджан страціў кантроль над тэрыторыяй.
Арменія і Азербайджан рэгулярна вінавацяць адно аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню на мяжы самаабвешчанай рэспублікі. Перамовы на міжнародным узроўні з удзелам так званай Мінскай групы АБСЕ, якія выступаюць пасярэднікамі на перамовах паміж Баку і Ерэванам, не прывялі да вырашэння канфлікту.
Нядаўна Азербайджан абвінаваціў кіраўніцтва Арменіі ў распальванні напружанасці наперадзе запланаванай сустрэчы паміж міністрамі замежных спраў дзвюх краін у кулуарах Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 26 верасня.
«Мы не выключаем, што апошнія крокі новага прэм’ер-міністра Арменіі накіраваныя на ператварэнне сітуацыі ў ваеннае супрацьстаянне», — сказаў міністр замежных спраў Азербайджана Эльмар Мамяд'яраў 25 верасня.
Выступаючы на сустрэчы з армянскімі бізнесоўцамі ў Маскве прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў 9 верасня, што ён бачыць Карабах «часткай Арменіі» ў будучыні.
Радыё Свабода