Бейрут: страляніна падчас пратэстаў шыітаў. У горад уведзеныя войскі і бронетэхніка

Не менш за 6 чалавек загінулі, некалькі дзясяткаў атрымалі раненні падчас страляніны на захадзе Бейрута. Яна пачалася падчас акцыі пратэсту шыіцкіх рухаў «Хэзбала» і «Амаль» ля Палаца правасуддзя. Ліванскія СМІ пішуць, што былі запушчаныя таксама два снарады, паведамляе euronews.com.

Выбух у порце Бейрута ў 2020 годзе. Фота РИА Новости

Выбух у порце Бейрута ў 2020 годзе. Фота РИА Новости

Паводле інфармацыі сведак, беспарадкі справакавалі снайперы, якія адкрылі агонь па дэманстрантах і праваахоўніках з бліжэйшых будынкаў.

У горад уведзеныя войскі і бронетэхніка. Вайскоўцы затрымалі двух снайпераў і паабяцалі адкрываць агонь на паражэнне па ўсіх узброеных людзях.

Эстакады, якія вядуць у Заходні Бейрут, перакрытыя. Школы і крамы зачыненыя. У раёне страляніны разгорнутыя мабільныя шпіталі. Ратавальнікі тушаць пажар у раёне Айн Ар-Румана.

Савет Бяспекі Лівана правёў экстранае пасяджэнне. Прэм'ер-міністр Наджыб Мікаці заклікаў да захавання грамадзянскага міру, каб не дапусціць спаўзання краіны да міжусобіцы. Расследаваннем узброеных сутыкненняў зоймецца ваенная разведка.

«Хэзбала» і «Амаль» выйшлі на акцыі пратэсту — яны патрабавалі адхіліць суддзю Тарэка Бітара, які ўзначальвае следчую камісію па факце выбухаў у порце 4 жніўня 2020 года. Пратэстоўцы сцвярджаюць, што Бітар наўмысна адводзіць расследаванне ў іншае рэчышча, каб абвінаваціць шыітаў.

«Хэзбала» і «Амаль» лічаць, што выбух, які разбурыў вялікую частку Бейрута, быў вынікам спланаванай правакацыі. За цяперашнім абвастрэннем, як лічаць шыіты, стаяць усё тыя ж сілы.