Bellingcat абверг версію "Алмаз-Антэя" аб гібелі MH17

Расійскі канцэрн "Алмаз-Антэй" правёў эксперымент па выбуху ракеты "Бук" побач з фрагментам авіялайнера, аднак расійская версія гібелі МН17 усё роўна не пераканала міжнародных даследчыкаў.



160229101128_almaz_version_624x351_rianovosti_nocredit.jpg

RIA Novosti

Міжнародная група расследаванняў Bellingcat апублікавала дэталёвую праверку версіі расійскага канцэрна "Алмаз-Антэй", які лічыць украінскую армію адказнай за гібель у ліпені 2014 года малайзійскага авіялайнера, што выконваў рэйс МН17.

Паводле версіі расійскага боку, ракета, якая збіла "Боінг", была запушчана з раёна каля паселішчаў Зарошчанскае або Вялікая Шышоўка, якія кантралявала ўкраінская армія, прычым сама ракета была старой мадыфікацыі, што даўно не стаіць на ўзбраенні расійскай арміі.

Bellingcat з вялікай доляй упэўненасці сцвярджае, што, нават калі пагадзіцца з версіяй "Алмаз-Антэя" аб пункце запуску ракеты, яе ўсё роўна не маглі запусціць украінскія вайскоўцы.

На падставе інфармацыі з адкрытых крыніц — галоўным чынам здымкаў з геатэгамі ў сацыяльных сетках — энтузіясты-следчыя прыйшлі да высновы, што 17 ліпеня, у дзень гібелі "Боінга", у раёне паселішча Зарошчанскае не было ўкраінскіх установак "Бук".

Гэтак жа была спраўджана версія наконт пункту запуску ля Вялікай Шышоўкі. У выніку праверкі было прызнана, што ўкраінскіх ЗРК "Бук" там не было.

Bellingcat прызнае, што сабраныя дадзеныя не дазваляюць рабіць высновы пра тое, якім бокам узброенага канфлікту кантралявалася гэта зона. Аднак супастаўленне даступных пазнейшых дадзеных з гэтага раёна дазваляе экспертам Bellingcat меркаваць, што 17 ліпеня 2014 года там ужо былі, як сказана ў дакладзе, расійскія вайскоўцы.

Напрыклад, энтузіясты з Веllingcat прааналізавалі фатаграфію з геатэгам на паўднёвай ўскраіне Вялікай Шышоўкі і датаваную 20 ліпеня, на ёй адлюстраваны ўзброены чалавек у камуфляжы на фоне поля сланечнікаў.

Фатаграфія, як паказваюць аўтары дакладу, была знойдзена ў акаўнце "ВКонтакте" нейкага Анатоля Малчанава, які да гэтага ў красавіка 2014 года выкладваў фатаграфіі сябе ў Крыме, апранутым ва ўніформу расійскага ваеннага, фатаграфіі з занятага прарасійскімі сіламі Славянска, а пазней у лютым 2015 года — з-пад Дэбальцава.

Зыходзячы з умоў надвор'я ў гэтым раёне і характару паводзін у сацсетцы Анатоля Малчанава, у Bellingcat робяць выснову, што фатаграфія з Вялікай Шышоўкі магла быць зроблена ў любы з трох-чатырох дзён да 20 ліпеня, а значыць, і 17 ліпеня, у дзень гібелі MH17, гэтая тэрыторыя ўжо кантралявалася прарасійскімі сіламі.

Таксама валанцёры Bellingcat сцвярджаюць, што ні ў адным з населеных пунктаў, якія знаходзяцца ва ўказаным "Алмаз-Антэем" раёне магчымага запуску, не ўдалося знайсці сведак залпу зенітнай устаноўкі.

Такім чынам, аказваецца малаверагодным, што з гэтай зоны наогул рабіўся запуск ракеты сістэмы "Бук", незалежна ад таго, да якога з бакоў збройнага канфлікту яна належала.

Аўтары новага дакладу нагадваюць, што версія "Алмаз-Антэя" пра тып і месцы запуску ракеты "Бук" супярэчыць і высновам Bellingcat, і версіі афіцыйнага следства, якое праводзіцца Галандыяй.

На мінулым тыдні Bellingcat прадставіў сваю канчатковую версію гібелі "Боінга", у якой уся віна ўскладаецца на расійскіх вайскоўцаў.

Bellingcat, як і галандскае следства, лічыць месцам запуску ракеты кропку каля населенага пункта Снежнае ў тыле прарасійскіх сілаў, сама ж устаноўка "Бук", як сцвярджаецца ў дакладзе Bellingcat, кіравалася кадравымі расійскімі вайскоўцамі.

Расійскі бок катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да трагедыі MH17.

Паводле www.bbc.com

Пераклад НЧ