Беспарадкі ў Францыі: затрыманыя амаль 300 чалавек

Заўзятары футбольнай зборнай Алжыра зладзілі беспарадкі ў Парыжы, Марсэлі і Ліёне пасля выхаду каманды ў фінал Кубка афрыканскіх нацый.

Фота: leparisien.fr

Фота: leparisien.fr

Заўзятары зборнай Алжыра ўчынілі масавыя беспарадкі пасля выхаду зборнай у фінал Кубка афрыканскіх нацый.

Так, пасля перамогі над зборнай Нігерыі з лікам 2-1, тысячы чалавек выйшлі на вуліцы Парыжа, Марсэлю і Ліёна. Неўзабаве паміж фанатамі і паліцыянтамі пачаліся сутыкненні. У сталіцы Францыі былі разбітыя вітрыны некалькіх крамаў, а ў Ліёне спалены дзясяткі машын.

У Марсэлі заўзятары спрабавалі прарвацца на тэрыторыю порта, аднак паліцыя не дазволіла ім гэта зрабіць, таму хуліганы закідалі праваахоўнікаў камянямі.

Для разгону фанатаў паліцыянты выкарысталі слёзатачывы газ. Паводле звестак МУС, падчас вулічных боек паліцыя затрымала 282 чалавекі.

Паводле розных ацэнак, алжырская дыяспара налічвае ў Францыі ад 2 да 4 мільёнаў чалавек. Прыкладна ў паловы яе прадстаўнікоў — падвойнае грамадзянства.

Нагадаем, фанаты зборнай Алжыра зладзілі беспарадкі і на мінулым тыдні, калі каманда прайшла ў паўфінал турніру. Тады былі разгромленыя некалькі крамаў у Парыжы, а ў горадзе Монпелье загінула жанчына.

Паводле korrespondent.net