Бразілія за год вярнула $125 мільёнаў карупцыйных грошай
Міністэрства юстыцыі Бразіліі заявіла, што за мінулы год праваахоўным органам удалося вярнуць 125 мільёнаў долараў, адпраўленых у замежныя банкі карумпаванымі чыноўнікамі і палітыкамі.
Міністэрства адзначае, што за адзін год у бюджэт атрымалася вярнуць у восем разоў больш грошай, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе. Ведамства патлумачыла, што гэта стала магчымым за кошт больш актыўнага заключэння здзелак з падазраванымі ў карупцыйных злачынствах, паведамляе ВВС.
Па дадзеных міністэрства, значная частка вернутых грошай (95 мільёнаў долараў) належала дзяржаўнай нафтавай кампаніі "Petrobras". Па справе аб вывадзе сродкаў з яе праходзяць дзясяткі палітыкаў і супрацоўнікаў кампаніі.
Следства лічыць, што ўсяго карупцыйная схема з удзелам высокапастаўленых супрацоўнікаў "Petrobras" і палітыкаў абышлася кампаніі ў 2 мільярды долараў. Усе грошы, якія следству ўдалося вярнуць з-за мяжы, будуць перададзеныя кампаніі.
Па справе "Petrobras" асуджаныя ўжо некалькі чалавек, у тым ліку былыя кіраўнікі кампаніі. Іх прызналі вінаватымі ў адмыванні грошай і карупцыі. Суд высветліў, што яны атрымлівалі адкаты ў мільёны долараў ад падрадчыкаў "Petrobras".