Бразілія і Нідэрланды згуляюць матч за трэцяе месца на ЧС

Зборныя Бразіліі і Нідэрландаў сёння разыграюць «бронзу» чэмпіянату свету па футболе.



brazil_vs_netherlands_world_cup.jpg

Пачатак матчу, які пройдзе на Нацыянальным стадыёне ў Рыа-дэ-Жанэйра, —  а 23:00 паводле мінскага часу. Ён будзе паказаны ў прамой трансляцыі на тэлеканале «Беларусь 2».
Матч чэмпіянату свету ў футболе за трэцяе месца паміж зборнымі Бразіліі і Нідэрландаў будзе абслугоўваць брыгада арбітраў на чале з алжырцам Джамелем Хаймудзі, паведамляецца на афіцыйным сайце ФІФА.
Абедзве каманды пасля паўфіналаў падыходзяць не ў лепшым настроі да матчу, які многія спецыялісты, заўзятары і футбалісты ўважаюць за бессэнсоўны і неабавязковы. Але на коне трэцяе месца, і значна больш прыемна пакідаць турнір, атрымаўшы перамогу, а не саступіўшы ў другой сустрэчы запар. Галоўны трэнер галандскай каманды Луі ван Гал падкрэсліў, што хоча з'ехаць з Бразіліі без адзінага паражэння (калі не ўлічваць пасляматчавай серыі пенальці супраць аргенцінцаў), піша Р-Спорт.
Зборная Бразіліі пасля ганебнай паразы ад немцаў у паўфінале з лікам 1:7 у Белу-Арызонце мае намер рэабілітавацца ў вачах уласных заўзятараў і ўсяго свету агулам. Бразільцы чакалі, што іх каманда згуляе ў галоўным матчы турніру на «Маракане», але гэтым марам не наканавана было спраўдзіцца. Цяпер пентакампеонам неабходна пазмагацца за трэцяе месца, каб хоць неяк палепшыць уражанне ад няўдалага выступу.
На гэты раз гаспадарам турніру зможа дапамагчы капітан Ціага Сілва, які вымушаны быў прапусціць паўфінальную сустрэчу з немцамі праз дыскваліфікацыю. Раней абаронца «ПСЖ» казаў пра тое, што ягоная місія на чэмпіянаце свету не скончаная.