Ці забароняць ва Украіне «Квартал 95»?

Вялікая частка ўкраінскага грамадства патрабуе пакараць і нават закрыць студыю «Квартал 95» — камедыйнае шоу, якое ў свой час дапамагло Уладзіміру Зяленскаму стаць прэзідэнтам.  

webp_large.jpeg

Скандал адбыўся акурат на Новы год. У святочным выпуску «квартальшчыкі» паказалі сцэнку пра дзяўчыну, якая нібыта пераехала са Скадоўска (горад у Херсонскай вобласці, які зараз знаходзіцца пад кантролем расейцаў) у Закарпацце. Тут яна спрабуе размаўляць па-ўкраінску з тубыльцам, але пры гэтым увесь час робіць памылкі.

Першымі абурыліся жыхары Скадоўска. Яны кажуць, што выдатна ведаюць, разумеюць і размаўляюць на ўкраінскай мове. У сваіх каментарах у сацыяльных сетках яны пішуць, што ім сорамна за акцёраў папулярнага камедыйнага шоу. 

Дасталася акцёрам і за прымітыўны гумар, пабудаваны на вечнай тэме «цыцак». У роліку гераіня тлумачыць, што «ўсё жыццё размаўляе па-расейску». А на пытанне, чаму так здарылася, адказвае: «Ну, я ж патаму шта з Сіскадава». У адказ на пытанне: «Як цябе завуць?», кажа, што ў яе «вельмі стандартнае вымя». 

Ёсць і больш сур'ёзны аналіз гумару «95-га Квартала». «Гледачам прапануецца пазнаць сябе, але не ўздрыгнуць ад агіды, а весела засмяяцца — о, глядзіце, гэта я! А гэта мая Галя! А гэта ж свякроў! А гэта губернатар і прэм'ер! Гэта пра нас, крута, ха-ха-ха! Замест таго, каб абуджаць у людзях жаданне вылезці з выграбной ямы, «Квартал» вучыць адчуваць сябе там камфортна і не саромецца. А патрыятычныя фінальныя песні «Кварталу», пад якія плакала палова маршруткі, — проста вышыванка на пузе злодзея і хабарніка», — піша ў сеціве ветэран Сяргей Лешан.

Палітолаг Андрэй Ермалаеў ідзе яшчэ далей: «Больш адкрытай працы на ворага цяжка ўявіць. Гэта (жарты пра перасяленцаў з Усходу) падрывае нашы маральныя асновы. Над гэтым нельга смяяцца. Гэта ператварае нас у маргінез. Гэта маральнае злачынства».

Думаецца, што крыніца абурэння не толькі ў слабым рэпертуары калектыву. Такая з’ява, як «Квартал 95», безумоўна, выклікае асацыяцыю з дзеючай уладай. Усім вядома, што Зяленскі зрабіў сябе імя як фронтмэн шоу. На базе «Квартала» быў зняты серыял «Слуга народу», які стаў для яго трамплінам у вялікую палітыку. Сімпатычны вобраз галоўнага героя серыяла дапамог Зяленскаму перамагчы на выбарах прэзідэнта. 

Не кажучы пра тое, што «95-ты Квартал» пастаянна адпрацоўвае метадычку офіса прэзідэнта і асвятляе тэмы толькі так, як выгадна Зяленскаму. У сваім навагоднім выпуску «Квартал 95» пажартаваў над дэпутатам Дубінскім, які сядзіць у СІЗА, і пракаментаваў чуткі пра канфлікт Зяленскага і Залужнага. У сеціве даўно шмат хто называе гумарыстаў «прапагандонамі».

Так ці інакш, скандал з дзяўчынай з Скадоўска набірае маштаб. 

Былы галкіпер зборнай Украіны Рустам Худжамаў быў настолькі абураны такім «гумарам» пра Скадоўск, што таксама не ўтрымаўся ад каментара: «"95-ты Квартал" — гэта зграя дэбілаў на сцэне, якія думаюць, што назва акупаванага горада Скадоўск, дзе цяпер пакутуюць нашы суграмадзяне, гэта смешна».

Галоўны рэдактар ​​інтэрнэт-выдання «Кавун.Сіці» і каардынатар херсонскай сеткі Rayon.In.ua Яўгенія Вірлыч падала скаргу на тэлеканал «1+1» у камісію па журналісцкай этыцы.

«Жарты» «Квартала» закранулі людзей настолькі, што ў сацыяльных сетках патрабуюць забараніць «95 Квартал», пакараць комікаў і нават забараніць ім жартаваць да канца вайны. Актрысу «Квартала-95» Ірыну Гатун, якая сыграла дзяўчыну з Скадоўска, дадалі на сайт «Міратворац». А нардэп Мар'яна Бязуглая нават прапанавала акцёрам «Квартала-95» пайсці добраахвотнікамі на фронт.

Некаторыя каментатары яўна выходзяць за межы крытыкі і патрабуюць увесці нейкія нормы для ўкраінскіх комікаў. «Тыя, хто нясуць культуру смеху ў народ, у публічную прастору, маюць доступ да сродкаў масавай інфармацыі, павінны ўсталяваць для сябе нейкія чырвоныя лініі. Гэта пытанне самакантролю і асабістай адказнасці. Іншага шляху няма», — піша блогер Віталь Чэпінога.

А што самі акцёры? Кіраўніцтва студыі «Квартал-95» заявіла, што яны праз сваю сцэнку выключна хацелі матываваць грамадзян размаўляць на ўкраінскай мове. Між тым Юрый Вялікі, які сыграў у скетчы закарпатца, выбачыўся за ўдзел у скандальнай мініяцюры. На сваёй старонцы ў ФБ ён таксама падтрымаў флэшмоб «Скадоўск гаворыць па-ўкраінску!».

Ці хопіць такіх крокаў, каб супакоіць буру? Тут важна адзначыць, што і без навагодняга выпуску апошнім часам гумар у «квартальшчыкаў» быў яўна не фантан. Аднак асаблівага скандалу іхнія хохмы не выклікалі. Хто хацеў — той глядзеў. Хто не хацеў — ціснуў кнопку на пульце. Каламбуры «Кварталу» сталі выклікаць негатыўныя эмоцыі на фоне апошніх скандалаў з мабілізацыяй і карупцыяй. Калі ўлада здолее навесці тут парадак, думаецца, ажыятаж вакол «Квартала» знікне. Інакш рост антыпатыі на адрас шоу працягнецца.