«Частковае ваеннае становішча»: Пуцін «закручвае гайкі» ў Расіі?
Расійскія чыноўнікі неаднаразова казалі, што «ваеннага становішча» не будзе. Але ж яны казалі, што не будзе і «мабілізацыі». Аднак галоўнае не ваеннае становішча на захопленых Расіяй тэрыторыях Украіны, а асаблівыя рэжымы яшчэ ў дзясятках рэгіёнах еўрапейскай часткі РФ, мяркуе тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».
Пуцін, Пяскоў і сенатары ад пачатку вайны запэўнівалі, што ваеннае становішча ўводзіць у Расіі не плануюць,— як у асобных рэгіёнах, так і па ўсёй краіне.
- У сакавіку Пуцін запэўніваў, што ваеннае становішча ўводзіцца ў выпадку знешняй агрэсіі: «У Расіі такой сітуацыі цяпер няма і, можна спадзявацца, не будзе».
- У траўні Пяскоў, каментуючы заявы амерыканскай выведкі, казаў, што «такіх планаў няма».
- У ліпені супакойваў людзей кіраўнік камісіі Савета Федэрацыі па абароне дзяржсуверэнітэту Андрэй Клімаў. Ён заяўляў, што бягучых мер у Расіі дастаткова, і абмежаванняў уводзіць не трэба.
- Апошні раз Дзмітрый Пяскоў сцвярджаў, што планаў па ўвядзенні ваеннага становішча няма, 26 верасня, менш за месяц таму.
Аднак Уладзімір Пуцін увёў ваеннае становішча ў чатырох акупаваных рэгіёнах Украіны (так званых «ДНР», «ЛНР», Херсонскай і Запарожскай абласцях) і асаблівыя рэжымы яшчэ ў дзясятках рэгіёнах еўрапейскай часткі краіны. Канал «Можам патлумачыць» высветліў, чым пагражае рашэнне расійскага прэзідэнта.
У перыяд ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца правы і свабоды грамадзян, а таксама дзейнасць розных арганізацый. У людзей могуць адбіраць маёмасць з наступнай выплатай дзяржавай яго кошту.
Могуць быць эвакуіраваны аб'екты гаспадарчага, сацыяльнага і культурнага прызначэння. Жыхароў могуць часова перасяліць у больш бяспечныя раёны (як гэта адбываецца цяпер у Херсоне). Але па законе ім абавязаны прадаставіць жыллё.
Закон прадугледжвае асаблівы рэжым уезду і выезду на тэрыторыю. Гэта не абавязкова закрыццё межаў, але свабода перамяшчэння можа быць абмежаваная.
Пры ваенным становішчы прыпыняецца дзейнасць палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных аб'яднанняў, якія вядуць прапаганду і агітацыю. Мітынгі і забастоўкі забароненыя.
Простых людзей могуць прыцягнуць да «выканання работ для патрэб абароны, ліквідацыі наступстваў ужывання праціўнікам зброі, аднаўлення пашкоджаных (разбураных) аб'ектаў эканомікі, сістэм жыццезабеспячэння і ваенных аб'ектаў».
Пры ваенным становішчы забаронены продаж спіртных напояў.
Уводзіцца «ваенная цэнзура». Улады будуць сачыць за паштовымі адпраўленнямі і паведамленнямі ў Інтэрнэце, а таксама кантраляваць тэлефонныя перамовы. Узмацняецца кантроль за СМІ.
Жыхароў акупаваных тэрыторый могуць прымусова мабілізаваць. Але для гэтага патрэбны асобны ўказ Пуціна.
Як вынікае з указаў Пуціна, у Крыме, Севастопалі, Краснадарскім краі, Белгародскай, Бранскай, Варонежскай, Курскай, Растоўскай абласцях уводзяцца рэжымы, блізкія да надзвычайнага становішча. Там могуць адсяляць жыхароў у бяспечныя раёны і даглядаць аўтамабілі.
Падобныя, але крыху больш палегчаныя асаблівыя рэжымы будуць і ва ўсіх рэгіёнах Цэнтральнай і Паўднёвай акругаў, уключаючы Маскву. Павышаны ўзровень гатоўнасці прадугледжвае ўвядзенне ўсіх тых жа мер, за выключэннем абмежавання свабоды перамяшчэння і прымусовага высялення людзей.