Дасье ў карыкатурах: Венесуэльскі крызіс
Палітычнае супрацьстаянне ў Венесуэле даўно знаходзіцца ў фокусе ўвагі не толькі палітыкаў, але і карыкатурыстаў.

Адной з самых папулярных тэмаў была няздольнасць чавістаў вырашыць праблемы эканомікі адміністрацыйнымі сродкамі. Так, на карыкатуры часопіса The Economist венесуэльсік гарант намагаецца перамагчы інфляцыю з дапамогай кавалерыйскай атакі.

Далёка не ўсе, дарэчы, у эйфарыі ад апошніх крокаў праціўнікаў Мадура. Іспанскі сатырычны часопіс El Jueves высмейвае выбарачнасць амерыканскай знешняй палітыкі. Вашынгтон абвінавачвае Каракас у парушэнні правоў чалавека, ігнаруючы адсутнасць грамадзянскіх свабод у грамадзян Саудаўскай Аравіі — саюзніка Штатаў. У сувязі з гэтым рэдакцыя El Jueves рэкамендуе Мадура тэрмінова абвясціць у краіне абсалютную манархію. Маўляў, пасля гэтага ў Белым доме напэўна супакояцца. А супрацоўнікі выдання нават прыдумалі для будучага венесуэльскага халіфата дызайн дзяржаўнага флага.

Між тым супрацьстаянне працягваецца. Вырашальную ролю ў развязцы, відавочна, будуць мець вайскоўцы. Далікатнае становішча венесуэльскай арміі праілюстраваў рэсурс Cartoon Movement. Падобна млявай прыгажуні ваенны слухае сэрэнады кавалераў Нікаласа Мадура і яго апанента Хуана Гуаіда, каб у выніку зрабіць лёсавызначальны для краіны выбар.

Вядома, што мадураўская Венесуэла — партнер Кітая і Расіі, якім не падабаюцца апошнія лакальныя ініцыятывы Вашынгтона. Адсюль пагроза ператварэння краіны ў арэну геапалітычнага канфлікту. Такую змрочную перспектыву мясцовая газета The National праілюстравала на прыкладзе матчу ў настольны футбол.

Нельга не прайсці міма кур'ёзу з відэазапісам выступу савецкай групы «Альянс» 1987 года. Вакаліст гурта вонкава нагадаў многім маладога Пуціна, а бубнач — Мадура. Прычым, калі на нашай прасторы з такога падабенства пасмяяліся, некаторыя фанаты Мадура за мяжой усур’ёз напісалі, што «Пуціну і Мадура прыйшоў час аб'яднаць калектыў зноў».