Эстонія адмяняе абавязковае нашэнне масак

Абавязак насіць ахоўную маску ў памяшканнях адменены ў Эстоніі з серады, 2 чэрвеня. Рашэнне прынята на фоне зніжэння ўзроўню захворвання на каронавірус.

istock_1215373437.jpg


Агульнадзяржаўны абавязак нашэння ахоўных масак будзе з 2 чэрвеня адменены ва ўсіх грамадскіх памяшканнях, у тым ліку дамах па доглядзе і адукацыйных установах, у якіх абавязак да гэтага часу дзейнічаў. Гэта таксама датычыцца крам, устаноў сферы паслуг, адукацыі, культуры, спорту, цэркваў, сферы вольнага часу і інш, піша «Наша Ніва» са спасылкай на ERR.

Акрамя скасавання агульнадзяржаўнага абавязку насіць маску, нашэння масак больш не будуць цэнтралізавана патрабаваць ад асоб, што блізка кантактавалі з хворым на COVID-19, аднак гэты абавязак захаваецца, калі гэтага будзе патрабаваць Дэпартамент здароўя.

У Дэпартамента здароўя застаецца права, у залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі, патрабаваць нашэння масак у канкрэтных месцах або на канкрэтных мерапрыемствах. Акрамя таго, працадаўцы могуць патрабаваць нашэнне масак ад работнікаў або кліентаў прадпрыемства для забеспячэння бяспечнай вытворчай абстаноўкі.

Паколькі рызыка распаўсюджвання каранавіруса ў Эстоніі захоўваецца, людзям па-ранейшаму рэкамендуюць выконваць дыстанцыю, мыць і дэзынфікаваць рукі.

Насіць маску ці прыкрываць нос і рот па-ранейшаму рэкамендуецца ў закрытых, шматлюдных памяшканнях з дрэннай вентыляцыяй і адсутнасцю магчымасці трымацца на адлегласці ад старонніх людзей. У якасці такіх месцаў называюць грамадскі транспарт і шматлюдныя закрытыя памяшканні.