Эстонія не будзе прызнаваць пашпарты Расіі, выдадзеныя жыхарам «ЛДНР»
Спрошчанае прадастаўленне грамадзянства Расіі жыхарам Данбаса цалкам супярэчыць духу Мінскіх пагадненняў, адзначылі ў МЗС Эстоніі.
Улады Эстоніі не будуць прызнаваць пашпарты Расіі, выдадзеныя жыхарам самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" пасля 24 красавіка 2019 года, калі ўладальнікі гэтых дакументаў раней не былі грамадзянамі Расіі. Пра гэта паведамляецца на сайце МЗС Эстоніі ў панядзелак, 5 жніўня.
"МЗС прыняло рашэнне не прызнаваць пашпарты, выдадзеныя Расійскай Федэрацыяй жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей пасля 24 красавіка 2019 года, калі толькі ўладальнік пашпарта не быў грамадзянінам Расіі, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэта рашэнне ўступае ў сілу неадкладна".
Па словах міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, гэты крок з'яўляецца адказам на ўказ, падпісаны ў красавіку гэтага года прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным аб спрошчаным атрыманні расійскіх пашпартоў жыхарамі асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей Украіны.
"Спрошчанае прадастаўленне расійскага грамадзянства жыхарам Усходняй Украіны з'яўляецца яшчэ адной спробай падарваць незалежнасць Украіны і ўвекавечыць цяперашнюю нестабільную сітуацыю ў галіне бяспекі на ўсходзе Украіны. Гэта цалкам супярэчыць духу Мінскіх пагадненняў, — растлумачыў Рэйнсалу. — Сённяшняе рашэнне Эстоніі адлюстроўвае наша прынцыповае асуджэнне такога кшталту амбіцый Расіі".
Паводле korrespondent.net