Францыя. Чырвоны Дэні сыходзіць на пенсію

Даніэль Кон-Бендзіт, лідар студэнцкай рэвалюцыі 1968 года ў Парыжы і бацька руху «Зялёных» заявіў, што сыходзіць з палітыкі. Нагадаем, што цяпер 67-гадовы Даніэль, якога за рыжыя валасы называюць Чырвоны Дэні, з’яўляецца дэпутатам Еўрапарламента ад французскіх «Зялёных».  



300px_danielcohnbendit.jpg

Кон-Бендзіт, безумоўна, легендарная фігура ў еўрапейскай гісторыі. Лічыцца, што менавіта студэнцкія беспарадкі 1968 года прымусілі дэ Голля падаць у адстаўку, не кажучы пра тое, што самі па сабе тыя падзеі сталі пачаткам нараджэння сучаснай еўрапейскай ментальнасці, якая пасля 1968-га ўключае ў сябе такія тэрміны, як «фемінізм», «экалогія», «павага да меншасцяў» і г.д. Між тым, сам Кон-Бендзіт кажа, што пенсія — не значыць адпачынак. Да пачатку Чэмпіяната свету ў Бразіліі ў 2014 годзе ён плануе зняць дакументальны фільм пра феномен бразільскага футболу пачатку 1980-х гадоў. У той час вядучыя бразільскія футбалісты публічна выступілі за ліквідацыю ў краіне рэжыму вайсковай дыктатуры, і ўлада ў тым ліку з-за іх патрабаванняў пагадзілася на пераход да дэмакратыі. Цікава, што напярэдадні заявы Кон-Бендзіта аб сыходзе з вялікай палітыкі ў Грэцыі правялі апытанне на тэму: хто варты быць прэзідэнтам краіны. Адпаведна вынікам, 20 працэнтаў грэкаў хацелі б бачыць на пасту прэзідэнта сваёй краіны менавіта Кон-Бендзіт.

Паводле французскай прэсы