Харватыя. У свеце жывёл маршала Ціта
Дасюль шматлікія сталыя жыхары балканскіх краін настальгуюць па часах Югаславіі і, як следства, 25 мая адзначаюць дзень нараджэння яе заснавальніка Ёсіпа Броз Ціта.

Падчас цяперашніх настальгічных сеансаў нечакана ўсплыў забаўны факт. Аказваецца, дасюль жывуць жывёлы, якія ў свой час былі падараваныя маршалу кіраўнікамі дзяржаў — сябраў Руху недалучэння, у які, як правіла, уваходзілі дзяржавы Трэцяга свету.
Жывёл на нейкі момант аказалася так шмат, што на адрыятычным востраве Вялікі Брыуні, дзе знаходзілася летняя рэзідэнцыя маршала, у 1978 годзе быў створаны сафары-парк.

Большасць з жывёл, якія належалі Ціта, памерлі падчас вайны 1990-х гадоў, аднак два «падарункі» жывуць дасюль. Гэта 57-гадовы папугай какаду Кокі і сланіха Ланка, якой стукнула 44 гады. Папугай трапіў у Югаславію як падарунак аднаго з лідараў краін Афрыкі. Што тычыцца Ланкі, то гэта асабісты падарунак ад Індзіры Гандзі.
Як піша прэса, і Ланка, і Кокі ў прынцыпе пачуваць сябе някепска.

Паводле харвацкай прэсы
Фота з сайта shadow-tony.livejournal.com