«Газпрам» спыніў пастаўкі газу ў Нідэрланды. Там адмовіліся плаціць у рублях знайшлі альтэрнатыўныя закупкі
Расійскі газ не будзе пастаўляцца ў Нідэрланды з 31 траўня праз адмову плаціць за яго ў рублях, заявіў нідэрландскі аператар GasTerra.
Расійскі канцэрн «Газпрам» спыняе пастаўкі газу ў
Нідэрланды, паведаміў нідэрландскі газавы трэйдар GasTerra. «Газпрам» не паставіць з 31 траўня да 30 верасня 2 млрд кубаметраў газу ў адпаведнасці з
кантрактам, заявіла кампанія ў Гронінгене ў панядзелак, 30 траўня.
Па яе дадзеных, прычынай з'яўляецца адмова Нідэрландаў
выконваць патрабаванне РФ аб аплаце за расійскі газ у рублях. GasTerra таксама
паведаміла, што перабояў з газазабеспячэннем ў Каралеўстве не чакаецца,
паколькі газ ужо закуплены ў іншых пастаўшчыкоў. Кантракт з «Газпрамам» мінае 1 кастрычніка, адзначаецца далей.
Раней Расія спыніла ў аднабаковым парадку пастаўкі газу ў
шэраг іншых еўрапейскіх краін пасля адмовы еўрапейцаў плаціць за расійскі газ у рублях. Дадзенае патрабаванне Крэмль высунуў праз месяц пасля
пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. 31 сакавіка прэзідэнт Уладзімір Пуцін
падпісаў указ, паводле якога «недружалюбныя краіны» для атрымання
расійскага газу павінны адкрыць рахункі ў «Газпрамбанку». Еўрасаюз і
дзяржавы G7 адхілілі гэтае патрабаванне. У красавіку «Газпрам» спыніў
пастаўкі ў Польшчу і Балгарыю, нягледзячы на дзеючыя кантракты, у траўні — у Фінляндыю.