Мінус 3/4 нафтавага экспарту, адключэнне «Сбербанка» ад SWIFT. ЕС узгадніў шосты пакет санкцый супраць РФ
Еўрапейскі саюз нарэшце ўзгадніў шосты пакет санкцый супраць Расіі за вайну ва Украіне. Дэбаты працягваліся ўчора амаль да ночы.
Кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль паведаміў у сацсетках, што лідары краін Еўрасаюза дамовіліся аб частковай забароне на імпарт расійскай нафты і іншых абмежаваннях у рамках шостага пакета санкцый супраць Расіі.
Паводле дамоўленасцей, Еўрасаюз забароніць каля 3/4 расійскай нафты, якую ён купляў. Гаворка ідзе пра нафту, якая дастаўляецца у краіны Еўропы па моры — гэта 75% расійскага экспарту. Выключэнне зроблена для трубаправоднай нафты.
Пры гэтым Нямеччына і Польшча да канца года абавязаліся спыніць і гэтыя пастаўкі. Такім чынам, нафтавае эмбарга напрыканцы 2022-га пакрые 90% расійскага экспарту ў Еўропу.
«Гэта скароціць велізарную крыніцу фінансавання расійскай ваеннай машыны», — адзначыў Мішэль.
Кіраўнік Еўрарады назваў гэта «максімальным ціскам на
Расію з мэтай спынення вайны».
Акрамя таго, у шостым пакеце санкцый будуць і іншыя меры, у
тым ліку адключэнне ад SWIFT найбуйнейшага расійскага банка
«Сбербанк», персанальныя санкцыі супраць асоб, адказных за ваенныя
злачынствы ва Украіне, забарона трансляцыі ў краінах ЕС яшчэ трох расійскіх
дзяржаўных вяшчальнікаў.
Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен таксама адзначыла: «Яшчэ мы маем таксама забарону на страхаванне і перастрахаванне расійскіх караблёў еўрапейскімі кампаніямі. Забарону на прадастаўленне расійскім кампаніям рознага роду бізнэс-паслуг і, што вельмі важна, спыненне трансляцыі ў ЕС яшчэ трох расійскіх дзяржаўных СМІ, якія шырока распаўсюджваюць дэзінфармацыю, сведкамі якой мы былі ў апошнія тыдні і месяцы», — дадала прэзідэнт Еўракамісіі.