Крыніцы: У Пецярбургу не адбыўся разгляд справы Юрыя Шаўчука, бо ўсе суддзі адмовіліся ад удзелу ў працэсе

Дзяржынскі раённы суд Санкт-Пецярбурга адмовіўся разглядаць адміністрацыйны пратакол, складзены на лідара гурту ДДТ Юрыя Шаўчука пасля канцэрту ў Уфе 18 траўня. Фармальная прычына — у дакументах не была апісаная «падзея правапарушэння» і не ўдакладнялася, у чым заключаліся «публічныя заклікі да перашкодаў выкарыстання Узброеных Сіл РФ у мэтах абароны інтарэсаў РФ і яе грамадзян». Аднак іншую прычыну агучыў у сацсетках апазіцыйны расійскі палітык Ілля Яшын.

maxresdefault_142.jpg

— У мяне ёсць знаёмы з Піцера, былы чыноўнік, — напісаў Ілля Яшын. — Паводле яго слоў, справу Шаўчука вярнулі ў паліцыю па адзінай прычыне: усе суддзі адмовіліся яе разглядаць. Сказалі, што калі будуць прымушаць — напішуць заявы аб звальненні. Калі гэта праўда, то крута, вядома. Прама сюжэт з рамана «Авадзень», дзе галоўнага героя прысудзілі да расстрэлу, а салдаты адмаўляліся націскаць курок. Шаўчук добры прыклад — ён паказвае: пражыві жыццё так, каб суддзі баяліся разглядаць твае справы.

У выніку пратакол, складзены на музыку, быў вернуты ў паліцыю Уфы для ліквідацыі недахопаў.

Раней у сацсетках разышлося відэа, на якім Юрый Шаўчук на канцэрце, у прыватнасці, кажа: «Радзіма, сябры, гэта не дупа прэзідэнта, якую трэба ўвесь час мусоліць, цалаваць». Месца і час запісу не ўдакладнялася, але, мяркуючы па ўсім, ён быў зроблены на канцэрце ва Уфе.