Ва Украіне двум расійцам прысудзілі па 11,5 года за абстрэлы Харкаўшчыны
Суд у Палтаўскай вобласці асудзіў да 11 гадоў і 6 месяцаў двух расійскіх вайскоўцаў, Аляксандра Бабыкіна і Аляксандра Іванова, якія абстрэльвалі грамадзянскія раёны Харкаўшчыны.
Вайскоўцаў прызналі вінаватымі ў парушэнні законаў і
звычаяў вайны. Пракуратура прасіла прысудзіць іх да 12 гадоў турмы — самага
цяжкага магчымага пакарання.
Абодва расійцы служылі ў Мурманскай вобласці. Бабыкін быў
кіроўцам-зараджальным сістэмы залпавага агню «Град»,
Іваноў — наводчыкам такой жа баявой машыны.
У снежні ім паведамілі пра нібыта вучэнні на тэрыторыі
Беларусі. У лютым расійцы прыбылі ў горад Курск, дзе працягвалі гэтыя вучэнні.
Аднак у другой палове лютага яны ўжо пераехалі ў памежную з
Украінай Белгародскую вобласць. Там вайскоўцы даведаліся ад камандавання аб
будучай вайне.
23 лютага расійскія падраздзяленні пашыхтавалі шэсць «Градаў» на
адлегласці 4-6 кіламетраў ад мяжы з Украінай. Пры гэтым Бабыкін і Іваноў
ведалі, што ў такіх умовах зброя будзе працаваць невыбарча і ў зону паразы
могуць патрапіць грамадзянскія аб'екты.
Раніцай 24 лютага расійцы атрымалі ад камандзіра каманду «агонь», пры гэтым ніякіх паправак для карэкціроўкі агню вайскоўцам
не далі.
Пасля гэтага акупанты перасунуліся бліжэй да мяжы і яшчэ раз
здзейснілі абстрэлы ў бок Украіны.
У той жа дзень расійцы перасеклі мяжу з Украінай у
Харкаўскай вобласці, прасунуліся, па іх словах, на 25-30 кіламетраў. Тады
Бабыкін і Іваноў разам з іншымі вайскоўцамі выпусцілі залпы ў бок Харкава.
У выніку гэтых абстрэлаў у двух вёсках Харкаўскай вобласці
былі пашкоджаныя электрычная падстанцыя, паветраныя лініі электраперадачы,
жылыя дамы, ліцэй.
24 лютага калону захопнікаў разбілі ўкраінскія абаронцы.
Пасля гэтага абодва падсудных тры дні хаваліся, але потым\ здаліся ўкраінскім
вайскоўцам.
Бабыкін і Іваноў у судзе сваю віну прызналі і раскаяліся.
Абарона казала, што расійцы нібыта дзейнічалі пад прымусам і
службовай залежнасцю. Аднак суд з гэтым не пагадзіўся і не ўбачыў доказаў, што
вайскоўцы не маглі пазбегнуць злачынных дзеянняў.
Паводле «Украінскай праўды».