Геаграфія пашыраецца. Японія, Канада і Аўстралія ўвялі санкцыі супраць Расіі праз прызнанне «ДНР» і «ЛНР»

Як заявіў прэм'ер-міністр Фуміа Кісіда, абмежаванні ў дачыненні да Расіі прадугледжваюць забарону на выпуск расійскіх аблігацый і замарозку актываў шэрагу расійцаў. Акрамя таго, Токіо забараняе імпарт з «ДНР» і «ЛНР» ды экспарт туды тавараў, а таксама выдачу віз прадстаўнікам рэспублік.

scale_1200_razruha.webp


Кісіда папярэдзіў, што ў выпадку пагаршэння сітуацыі ўлады Японіі разгледзяць далейшыя меры.

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо абвясціў аб «першым раўндзе» эканамічных санкцый. Абмежаванні закрануць дэпутатаў, якія падтрымалі прызнанне незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Акрамя таго, канадцам забаранілі фінансавыя аперацыі з гэтымі рэгіёнамі.

«Прызнанне з'яўляецца парушэннем абавязацельстваў Расіі па Статуце ААН. Канада таксама асуджае дзеянні расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку распараджэння аб іх прасоўванні на Украіну, што, безумоўна, з'яўляецца нападам на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», — заявіў Трудо.

Пра санкцыі заявіў і прэм'ер Аўстраліі Скот Морысан, яны будуць уведзеныя супраць шэрагу расійскіх фізічных асоб. «Спачатку мы ўвядзем забарону на ўезд і кропкавыя фінансавыя санкцыі ў дачыненні да васьмі чальцоў Рады бяспекі Расійскай Федэрацыі», — удакладніў Морысан.

Акрамя таго, улады пашыраць дзейныя санкцыі, «якія тычацца Крыма і Севастопаля»: цяпер яны будуць распаўсюджвацца «на рэгіёны Данецка і Луганска».

На Тайвані адбылося спецыяльнае пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі, на якім абмяркоўвалася развіццё сітуацыі ва Украіне. У Тайбэі не выключаюць, што ўслед за Расіяй да працэсу гвалтоўнага ўстанаўлення «новага сусветнага парадку» і перакройкі карты свету можа далучыцца і Кітай, дзе даўно выношваюць планы ваеннай аперацыі супраць дэмакратычнага Тайваня і вяртання выспы пад кантроль Пекіна.

У сувязі з гэтым не выключана, што Тайвань увядзе забарону на экспарт электронікі і чыпаў у Расію.