Германія. У гатэль па партбілетах
Усе, хто быў у Берліне, напэўна бачыў на ўваходах у розныя ўстановы шыльды: «Wir müssen draußen bleiben» («Мы павінны заставацца звонку»). Шыльды тычацца сабак.

Аднак цяпер тую забарону распаўсюдзілі на людзей. Цэнтральныя гатэлі нямецкай сталіцы вырашылі не абслугоўваць сябраў правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD).

Ужо ёсць першая ахвяра незвычайнай кампаніі — дэпутат парламенту Вільгельм фон Готберг, якога абвясцілі персонай нон-грата ў адным з цэнтральных гатэляў.
Фон Готберг ужо заявіў, што яго пераследуюць паводле палітычных прычынаў, і паабяцаў узняць пытанне на пасяджэнні Бундэстага.
Прэса, між тым, лічыць, што выпадак з дэпутатам адметны. Фон Готберг — адыёзная фігура нават сярод сябраў «Альтэрнатывы для Германіі», раней ён публічна называў Халакост «інструментам для крыміналізацыі немцаў».
Паводле нямецкай прэсы