Камедыю пра беларускія Шабаны паказалі ў Германіі

З 1 па 11 сакавіка ў Германіі на міжнародным кінафэсце Mittel Punkt Europa Filmfest — «Цэнтральная Кропка Еўропы» прадставілі беларускую камедыю пра Шабаны «ГараШ» рэжысёра Андрэя Курэйчыка і кароткаметражку «Баба, Янка і каза» рэжысёра Дар'і Юркевіч.

. Рэжысёр Андрэй Курэйчык на прэм'ры "ГараШ"

. Рэжысёр Андрэй Курэйчык на прэм'ры "ГараШ"

Сёлета на фэсце было прадстаўлена больш за 30 дакументальных і гульнявых фільмаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Чэхіі, Польшчы, Венгрыі, Славакіі і іншых. Сёлета адмысловым госцем форума стала Беларусь. На фэсце былі прадстаўлены лаўрэаты найбуйнейшых сусветных фэстаў: Берлінскага, Канскага, Маскоўскага і Карлавых Вар.

Праграмка фэсту. Крыніца: старонка А. Курэйчыка на Фэйсбуку

Праграмка фэсту. Крыніца: старонка А. Курэйчыка на Фэйсбуку

На фэсце MITTEL PUNKT EUROPA беларускую праграму прадстаўлялі рэжысёр і сцэнарыст фільма «ГараШ» Андрэй Курэйчык і аператар-пастаноўшчык Мікіта Пінігін.
«Беларускія фільмы паказалі ў двух гарадах Мюнхене і Рэгенсбурге, — распавёў рэжысёр Андрэй Курэйчык. — Для «Без буслоў Артс» гэта нямецкая прэм'ера фільма, мы рады бачыць узрастаючую цікавасць да нашых фільмаў у Еўропе. Пасля паказаў была арганізавана шырокая дыскусія з гледачамі. Пытанняў было вельмі шмат. Былі пытанні і пра тое, як выжываюць у Беларусі незалежныя кінематаграфісты, і пра Алексіевіч, і пра беларускую мову, і пра цяжкасці трансфармацыі Беларусі ў Еўрапейскую краіну. Я здзівіўся, але немцы жыва цікавяцца тым, што адбываецца на постсавецкай прасторы і ў Беларусі».

28879987_1556528464444800_75276636_o.jpg


«ГараШ» — гэта трагікамедыя пра жыццё аўтамеханікаў у адным з самых дэпрэсіўных раёнаў Мінска — Шабанах, знятая кінакампаніяй «Без буслоў Артс» у 2015 годзе. Галоўныя ролі ў фільме выканалі ўдзельнікі рок-гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў, артысты Арцём Курэнь і Эвеліна Сакура. Прадзюсарамі фільма выступілі Дзмітрый Фрыга і Андрэй Курэйчык. Фільм быў зняты за мінімальны бюджэт, але стаў адным з лідараў беларускага кінапракату 2016 года, чатырохразова акупіўшы свой бюджэт. Гэта адзіны гульнявы фільм, паказаны ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў рамках Сусветнага дэмакратычнага форума і першы беларускі фільм, які акупіўся ў айчынным пракаце, паставіўшы некалькі ўнікальных рэкордаў.

На здымках фільма "ГараШ" у Шабанах

На здымках фільма "ГараШ" у Шабанах

Фільм «Баба, Янка і каза» Дар'і Юркевіч стаў дыпламантам Мінскага міжнароднага кінафэсту «Лістапад» у 2014 годзе і быў прадстаўлены на шэрагу міжнародных фэстаў.