Глабалізацыя. Як беларусы дапамагаюць іншым бізнесам

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што бізнес — справа інтэрнацыянальная. Асабліва тыя, хто з’ехаў з Беларусі і пачаў сваю справу за мяжой. Часцяком для адкрыцця сваёй справы патрэбна дапамога «мясцовых». Разам з Bymapka высветлілі, што беларускі праект дапамагае ў развіцці не толькі беларусам.

Максім Апанасаў

Максім Апанасаў


Канешне, беларуская інфармацыйная прастора была створана найперш для яднання суайчыннікаў. Але да яе далучаюцца і тыя, хто мае справу з беларусамі, хто проста скарыстоўвае створаныя намі магчымасці. У беларускіх чатах і тэлеграм-каналах прысутнічаюць не толькі беларусы, а беларускімі сэрвісамі карыстаюцца і замежнікі.

Калі мне спатрэбілася зрабіць прафілактыку і апгрэйд ноўтбука, я знайшоў майстра праз Bymapka — гэта надзейны інструмент у тым плане, што можна атрымаць сэрвіс на звыклым для беларуса ўзроўні. Аднак у працэсе размовы высветлілася, што гэтая паслуга — не зусім і не толькі «беларуская».


У беларускую прастору праз жонку

Майстар па рамонце камп'ютарнай (і не толькі) тэхнікі Максім Апанасаў прыехаў у Батумі два гады таму з расійскага Краснадара. «Прыехаў у госці да сябра, і мне тут так спадабалася, што вырашыў застацца», — распавядае ён, разбіраючы мой камп'ютар.

Як жа ён даведаўся пра Bymapka і там зарэгістраваўся? Усё вельмі проста: яго жонка — беларуска. Пазнаёміўся ён з ёй ужо тут, у Грузіі. І кажа, што сам ён займаецца рамонтам камп'ютараў, а жонка — прасоўваннем і рэкламай яго паслуг у розных сацсетках і на розных платформах. Адной з такіх платформаў і стала Bymapka, дзе жонка яго і зарэгістравала.

Офіс і майстэрня Максіма знаходзяцца ў цэнтры Старога Батумі, у раёне, дзе сканцэнтраваны майстэрні па рамонце тэлефонаў і іншай складанай тэхнікі. Прыехаўшы ў Батумі, вырашыў адкрыць сваю майстэрню, каб і надалей займацца знаёмай справай. Хадзіў па горадзе, нагледжваў месца пад офіс і майстэрню, але зайшоў да хлопцаў-грузін, якія займаліся тым жа самым, чым займаўся ён.

«Мы паразмаўлялі, паразумеліся, і яны мне прапанавалі: "Навошта табе свая асобная майстэрня? Прыходзь працаваць да нас!"», — успамінае Максім. Так рускі майстар стаў працаваць у грузінскай майстэрні, а рэкламавацца — з дапамогай беларускіх сервісаў і ў беларускіх тэлеграм-каналах.

maxim_2_logo.jpg


Bymapka працуе

Як кажа Максім, звычайна не заўсёды атрымліваецца запытаць у людзей, як яны яго знайшлі і хто ім яго парэкамендаваў. Тым не менш ён адзначае, што некалькі чалавек да яго прыходзіла менавіта з Bymapka. «У асноўным людзі знаходзяць мяне праз Гугл і Інстаграм», — адзначае ён.

У размове Максім таксама пацвярджае, што звыклыя беларусам і рускім інтэрнэт-сэрвісы тут не вельмі развітыя, напрыклад, агрэгатараў крам тут сапраўды няма. Аднак для навічкоў, што прыехалі ў Грузію не так даўно, гэта стварае пэўныя нязручнасці.

Майстар кажа, што працы цяпер паболела — з-за апошніх хваль рэлакацыі як беларусаў, так і рускіх, якія беглі ад «частковай мабілізацыі» ў Грузію. «Калі раней узімку працы амаль не было, то цяпер людзі да нас ходзяць ці не кожны дзень. Раней і летам такога не было», — адзначае майстра.

Асноўная прычына паломкі тэхнікі і адпаведна звароту да яго — тое, што людзі працуюць побач з рознымі вадкасцямі. Цяпер у Батумі нярэдка можна сустрэць чалавека ў кавярні, які адначасова працуе на ноўтбуку. Некаторыя ўстановы нават выставілі «забаронныя значкі» пра тое, што з ноўтам у іх сядзець нельга — але гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла. Таму заліццё ноўтбукаў і розных дэвайсаў кавай і іншымі напоямі — звычайная справа. «Нядаўна прынеслі ноўтбук, заліты абсэнтам. Вось гэта была праблема, у ноўтбука там жывога месца не было», — пасміхаецца ён.

maxim_3_logo.jpg


Першая сярод іншых

Пры гэтым Максім адзначае, што сэрвісаў, падобных да Bymapka, ён не сустракаў. Праўда, сам Максім кажа, што Bymapka ён актыўна не карыстаецца. Проста таму, што ён ужо доўгі час жыве ў Батумі, ён даўно знайшоў месцы, дзе пры патрэбе можа атрымаць якасныя паслугі. У яго ўжо ёсць любімыя месцы адпачынку, кавярні, крамы, правераныя часам і досведам. Але калі чалавек шукае паслугу ўпершыню, ёсць нагода скарыстацца Bymapka.

Такім чынам, беларускі сэрвіс Bymapka спрыяе развіццю не толькі беларускага бізнесу ці бізнесу «Belarus-Friendly», а ўвогуле любога бізнесу, які тым ці іншым чынам даведаўся пра гэтую платформу. Сапраўды, абмежаванняў на Bymapka у гэтым плане няма, і неабавязкова быць беларусам, каб зарэгістравацца і прапаноўваць свае паслугі ў гэтым агрэгатары дзелавой актыўнасці.