Грамадзян Беларусі і Расіі затрымалі ў Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы
У Польшчы затрыманыя двое грамадзян Беларусі і Расіі па падазрэнні ў шпіянажы. Пра гэта паведамілі спецслужбы краіны.

Затрыманні праводзіліся ваеннай паліцыяй на падставе дадзеных Службы ваеннай контрвыведкі. Арышты прайшлі 21 і 22 красавіка. Мужчынам прад'яўленыя падазрэнні ў шпіянажы ў карысць Расіі. Суд заключыў іх пад варту на тры месяцы, піша REFORM.by.
Паводле інфармацыі контрвыведкі, падазраваныя займаліся зборам звестак аб Узброеных сілах Польшчы, у тым ліку іх прысутнасці на мяжы з Беларуссю.
Таксама паведамляецца, што мужчыны доўгі час жылі ў Польшчы. Яны былі арыштаваныя ў Беластоку.
Раней у красавіку польскія спецслужбы ўжо затрымлівалі па падазрэнні ў шпіянажы двух грамадзян Беларусі і аднаго расіяніна.