«Газавы шантаж» не атрымаўся. Польшча наогул не будзе купляць газ у Расіі
Польшча больш не будзе купляць газ у расійскіх кампаній. Пры гэтым яна мае магчымасці паставіць столькі паліва, колькі неабходна. Пра гэта заявіў у эфіры радыёстанцыі RMF прадстаўнік урада Польшчы па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі.
— Мы гатовыя да той акалічнасці, якая ўзнікла нядаўна, што ў Польшчу не будзе паступаць газ з усходу, з Расіі. У нас ёсць магчымасці пастаўляць у Польшчу дастаткова газу, каб хапіла на ўсіх. Мы можам быць спакойныя, — паведаміў Наімскі.
Ён паабяцаў, што пры прадказальных умовах пастаўкі газа ў краіну гарантаваныя, «калі агульныя знешнія ўмовы не зменяцца і калі не будзе катаклізму».
Па яго словах, адмова ад куплі расійскага газу адбылася «хутчэй, чым мы меркавалі».
— У нармальных умовах газавы кантракт з «Газпромам» павінен быў скончыцца ў снежні бягучага года, і польскі бок рыхтаваўся да гэтага 6 гадоў. Сёлета завяршаюцца загадзя пачатыя інвестыцыі, у тым ліку будаўніцтва газаправода з Нарвегіі, які будзе запушчаны ў кастрычніку, — заявіў Наімскі. — Магчыма, нам прыйдзецца больш плаціць за газ (...), таму што ва ўмовах вайны і энергетычнага крызісу газ, як і іншыя энергарэсурсы, можа быць даражэй. Мы купляем газ па сярэднерынкавым кошце, як і іншыя.
Нагадаем, у аўторак, 26 красавіка, польская дзяржаўная нафтагазавая кампанія PGNiG паведаміла, што атрымала ад «Газпрома» ліст аб поўным спыненні паставак газу. На наступны дзень такое ж апавяшчэнне атрымала Балгарыя.