Кіраўніца Еўракамісіі: ЕС рыхтуе скаардынаваны адказ на газавы шантаж Расіі

Расія спыненнем паставак газу ў Польшчу і Балгарыю пацвердзіла, што з'яўляецца ненадзейным пастаўшчыком. Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, каментуючы рашэнне «Газпрома».

p057102_693107.jpg


«Заява “Газпрома” аб спыненні паставак газу спажыўцам у Еўропе ў аднабаковым парадку з'яўляецца чарговай спробай Расіі выкарыстоўваць газ у якасці інструмента шантажу. Гэта неапраўдана і непрымальна. І гэта лішні раз паказвае ненадзейнасць Расіі як пастаўшчыка газу», — заявіла яна.

Па яе словах, у Еўрасаюзе былі гатовыя да такога сцэнару. Еўрапейская камісія знаходзіцца ў цесным кантакце з урадамі краін-чальцоў і працуе над тым, каб забяспечыць альтэрнатыўныя пастаўкі газу, паведамляе REFORM.by.

«Дзяржавы-чальцы распрацавалі планы на выпадак непрадбачаных абставінаў менавіта для такога сцэнару, і мы працавалі з імі ў каардынацыі і салідарнасці. Цяпер праходзіць пасяджэнне каардынацыйнай групы па газе. Мы намячаем наш скаардынаваны адказ ЕС», — дадала яна.

Фон дэр Ляен паабяцала працягнуць працу па забеспячэнні альтэрнатыўных крыніц газу.

«Еўрапейцы могуць быць упэўненыя, што мы адзіныя і цалкам салідарныя з дзяржавамі-чальцамі, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай. Еўрапейцы могуць разлічваць на нашу поўную падтрымку», — сказала яна.

Нагадаем, з 27 красавіка «Газпром» афіцыйна спыніў пастаўляць газ у Польшчу і Балгарыю пасля таго, як гэтыя краіны не сталі плаціць за паліва ў расійскіх рублях. Аднабаковую пастанову аб пераводзе аплаты ў рублі прыняў Уладзімір Пуцін.