«Чым больш горача становіцца па перыметры, тым больш актуальныя для ўладаў ідэі канструктыўнага дыялогу»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры піша, чаму МЗС падобны на «вольных муляроў» і разважае наконт супярэчлівай беларускай знешняй палітыкі.
Учора беларускі МЗС прызнаўся ў ганебных сувязях. Цяпер ужо афіцыйна: міністр здаецца замежных спраў на самай справе зганьбіўся лістом у Еўрасаюз, дзе распавёў пра «нешчаслівы ланцужок падзей» з-за якога Еўрасаюза ў краіне стала менш. Аказваецца, для беларускага міністра такія лісты — руцінная дыпламатычная працэдура. Было б, аб чым гаварыць!
Вось для беларускіх генералаў нармальна — пагражаць суседзям выбухамі і разбурэннямі. Таму што вербальнымі ваяўнічымі інтэрвенцыямі беларускія генералы маглі б перамагчы нават другое войска свету. А для беларускага МЗС нармальна тлумачыць суседзям, што гэтыя інтэрвенцыі — такі спосаб праявы прыроджанай міралюбнасці. На самай справе. Дробязі ж, справа жыццёвая.
Трошачкі дзіўна, што на прызнанне факту дыпламатычных практыкаванняў беларускаму МЗС спатрэбілася тры тыдні. Хоць, здавалася б, чаго тут саромецца, калі гэта такая руціна?
Я так разумею, што прызнанне гэтага факту — такі спосаб яшчэ раз паслаць сігнал заходнім партнёрам, калі ўжо на папярэдні сігнал яны нічога не адказалі. Беларускі МЗС жа як тыя вольныя муляры. Любяць пасылаць сігналы і паказваць усім таемныя знакі.
Проста чым больш горача становіцца па перыметры, тым больш актуальныя для беларускіх уладаў ідэі канструктыўнага дыялогу і абмежаванай шматвектарнасці. А на знешнім контуры падгарае. Вось у саюзніка, у прыгранічных з Украінай абласцях, рэгулярнай прыроднай з'явай сталі выбухі ваенных складоў і нафтавых баз. І якая б не затушаная цыгарэта ні была іх прычынай, гэтыя выбухі катэгарычна супярэчаць канцэпцыі пра ўзяццё Кіева за чатыры дні. У Прыднястроўі прыпякае, аж да пагрозы адкрыцця там нейкага па ліку новага фронту.
А ўчора саюзнік, у якога вельмі не хапае хоць якіх-небудзь перамог, вырашыў адкрыць яшчэ і еўрапейскі газавы фронт. З сённяшняга дня Газпром спыніў пастаўляць газ у Польшчу і Балгарыю, якія адмовіліся плаціць расійскімі рублямі. Гэта значыць, выкарыстаў сваю газавую трубу па яе прамым вайсковым прызначэнні.
І, вядома, у ранейшыя часы гэтага папераджальнага залпу хапіла б, каб пасадзіць ЕС за стол канструктыўных перамоваў для дасягнення кампрамісу ў выглядзе безумоўнай капітуляцыі. Але часы змяніліся, і кампрамісы з капітуляцыямі ўжо не з'яўляюцца адзінай даступнай опцыяй. І можа так здарыцца, што на гэтую газавую атаку ЕС, наадварот, адкажа чым-небудзь асіметрычным і хваравітым.
Увогуле, тэмпература вакол беларускіх межаў расце, і беларускія ўлады, здаецца, не ўпэўненыя, што яны змогуць шчасна перажыць яе павышэнне. Іншая справа, што фантазіі ў іх зноў хапіла толькі на тое, каб палохаць заходніх партнёраў памяншэннем долі ўтрымання Еўрасаюза ў беларускім арганізме. Хоць нічога ж не змянілася, і ва ўладаў па-ранейшаму ёсць 1300+ знакаў, якія маглі б прадэманстраваць гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу.