Расія спыніла пастаўкі газу ў Польшчу. Раней польскія улады адмовіліся плаціць у рублях
Расійскі газ перастаў паступаць у Польшчу, паведаміў мясцовы партал Onet са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе і ў польскім нафтагазавым канцэрне PGNIG. Да гэтага польскія ўлады абвясцілі аб адмове пераходзіць на разлікі за газ у рублях.
«Расія, па неафіцыйных дадзеных, прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу па ямальскім кантракце», — гаворыцца ў паведамленні.
Па звестках выдання, у польскім міністэрстве энергетыкі
правядуць пасяджэнне крызіснага штаба. Афіцыйныя заявы чыноўнікаў чакаюцца да
канца дня.
Расійскі бок не інфармаваў Польшчу аб прычынах прыпынення
паставак, паведамілі крыніцы партала.
Польшча атрымлівае газ па газаправодзе «Ямал — Еўропа», запушчаным у 1999 годзе. Паліва па ім ідзе спачатку
праз Беларусь, затым праходзіць Польшчу і завяршае свой шлях у Германіі.
26 красавіка прадстаўнік польскага ўрада заявіў, што Польшча
не будзе пераходзіць на аплату газу ў рублях, як таго патрабуе расійскі бок. У
Варшаве дадалі, што гатовыя да адмовы ад паставак газу з Расіі.
Адначасова Польшча ўвяла санкцыі супраць «Газпрома», НОВАТЭКа
і шэрагу іншых расійскіх кампаній.