Грузія. Штраф за пакет

З 1 кастрычніка 2018 года ў Грузіі ўступілі ў сілу новыя рэгуляцыі, накіраваныя на зніжэнне забруджвання навакольнага асяроддзя.

Фота з сайта 1prof.by

Фота з сайта 1prof.by

У тым ліку ў краіне цяпер забараняецца вытворчасць, імпарт і рэалізацыя поліэтыленавых пакетаў пэўнай таўшчыні. А з красавіка 2019 года вытворчасць, імпарт і рэалізацыя поліэтыленавых пакетаў любой таўшчыні ў Грузіі будуць цалкам забароненыя.

У выпадку парушэння правілаў гаспадарчыя суб’екты будуць аштрафаваныя на 500 лары (каля 200 еўра), а іх тавары канфіскаваныя.

Забарона пакетаў — мера, безумоўна, слушная. Перыяд біялагічнага раскладання поліэтыленавых пакетаў — сотні гадоў. Адразу пасля выкарыстання пакеты ператвараюцца ў адкіды, якія выклікаюць забруджванне глебы і вады.

Між тым, не ўсе грузіны ў захапленні ад акцыі ўраду. Пластыкавыя пакеты стабільна ўваходзяць у каталог тавараў дробных прадуктовых кропак, за кошт якіх выжываюць шматлікія грузіны. Пакуль не зразумела, чым будзе заменены пластык.

Паводле грузінскай прэсы