Іран. Замест турмы — лекцыя пра хусткі
Нягледзячы на тое, што антыўрадавыя пратэсты ў Іране ідуць на спад, краіна відавочна рухаецца ў бок лібералізацыі.

Фота: старонка @parimajidi ў Instagram
Доказ таму — рашэнне тэгеранскай паліцыі не прыцягваць жанчын, якія з’яўляюцца на публіцы без хустак, да крымінальнай адказнасці.
Зараз з парушальніцамі ісламскага дрэс-коду вырашылі абыходзіцца больш мякка, а дакладней — перавыхоўваць.
Жанчын-парушальніц будуць адпраўляць у адмысловыя цэнтры, дзе з імі будуць праводзіцца гутаркі пра карысць нашэння хустак і, адпаведна, умераных паводзін. Ужо 7900 чалавек прайшло праз курсы, а ўсяго такіх цэнтраў у тэгеранскай правінцыі цяпер каля 100.
На жаль, вынік працы гэтых курсаў невядомы. Гэтак жа, як няма адказаў на шмат пабочных пытанняў: напрыклад, што будзе рабіць паліцыя, калі да яе ў рукі трапіць рэцыдывістка, якая адмаўляецца ад нашэння хусткі і пасля праслухоўвання лекцый.