Ізраіль. Вайскоўцы знеслі дом палесцінца, які забіў ізраільскую дзяўчынку

Ізраільскія сілы бяспекі знеслі на Заходнім Беразе Іардана дом палесцінца, які забіў ізраільскую дзяўчынку ў яе спальні.

Фота www.rbc.ua

Фота www.rbc.ua


Паводле заявы ізраільскага войска, 19-гадовы Махамед Насер Тарайрах у чэрвені пранік у дом у паселішчы Кір’ят-Арбы і напаў з нажом на 13-гадовую Халель Арыэль, якая спала. Пазней ён быў забіты аховай паселішча, паведамляе ВВС.
За апошнія месяцы ў Ізраілі адбылася цэлая серыя нападаў палесцінцаў на ізраільцян. З мінулага кастрычніку там загінулі каля 250 чалавек, 219 з якіх — палесцінцы, перадае “France-Presse”.У большасці выпадкаў арабскія падлеткі, узброеныя нажамі, нападалі на ізраільцян і гінулі ад куль паліцэйскіх ці вайскоўцаў.
Знос дамоў палесцінцаў, якія ўчынілі напады на ізраільцян, неаднаразова выклікаў крытыку праваабаронцаў — яны бачаць у такой палітыцы калектыўнае пакаранне. У выніку падобных мер без жылля часта застаюцца сваякі нападніка.

Аднак ізраільскія ўлады настойваюць, што гэта мера працуе якасці стрымліваючы фактар для тых, хто задумвае падобныя злачынствы, і можа папярэдзіць тэракты.


«Знос дамоў тэрарыстаў — гэта цяжкі крок, што часта спалучаны са шкодай для сем'яў тэрарыстаў, якія не нясуць прамой адказнасці за іх дзеянні і маглі нават не падазраваць пра іх намеры. Аднак пры пэўных абставінах у дзяржавы не застаецца іншага выбару, — цытуе РІА "Новости" словы старшыні Вярхоўнага суда Мір’ям Наор наконт рашэння пра прымальнасць зносу дамоў, што было прынятае ў 2015 годзе. — Дадзеныя, якія былі нам прадстаўленыя, відавочна паказваюць: асцярога, што дом, у якім пражывае патэнцыйны тэрарыст, будзе разбураны, служыць фактарам стрымлівання і можа прадухіліць будучы тэракт».