Як стварыць вірус?

Падаецца, значна хутчэй за распаўсюд каронавіруса па свеце распаўсюджваюцца самыя вар’яцкія канспіралагічныя тэорыі наконт яго з’яўлення і паходжання.

Фота www.disgustingmen.com

Фота www.disgustingmen.com

Чакана, што ўсе канспіралагічныя тэорыі наконт вытокаў эпідэміі круцяцца вакол тэзы пра тое, што вірус быў створаны штучна. Яго штучны характар, напрыклад, тлумачыцца тым, што ўспышка вельмі падобная на фрагменты кнігі «Вочы цемры» Дзіна Кунца. У аснове сюжэту кнігі, што была апублікаваная ў 1981 годзе, прыгоды адной жанчыны. Яна спрабуе знайсці сына, які таямніча знік у паходзе.

Аказваецца, хлопчыка трымаюць у Кітаі, а дакладней — у горадзе Ухань, на месцы ўспышкі смяротнага віруса пад назвай «Ухань–400». Гэты «Ухань–400» быў распрацаваны ў таемнай лабараторыі, а яго ўплыў на арганізм чалавека нагадвае эфект СOVID-19. Адсюль нескладана выказаць ідэю, што нейкі вірусолаг, начытаўшыся Дзіна Кунца, вырашыў стварыць нешта падобнае на «Ухань–400».

Зрэшты, гэтая тэорыя занадта складаная. Значна большая аўдыторыя падтрымлівае версію пра тое, што СOVID-19 — таемная біялагічная зброя, якая паводле нейкага загаду або выпадкова трапіла на волю. Калі верыць выданню ET Prime report, за гэтым стаяла групоўка кітайскіх шпіёнаў, што пад выглядам навукоўцаў пранікла ў канадскую нацыянальную лабараторыю мікрабіялогіі (NML). Агентаў раскрылі, але да таго яны здолелі выкрасці адзін з самых смяротных патагенаў, каб потым з-за нядбайнасці яго вызваліць.

З гэтым, напэўна, не пагодзяцца хакеры з групы Anonymous Kazakhstan. Іх інсайдар з персаналу Цэнтральнай рэферэнс-лабараторыі ў Алматы паведаміў, што каронавірус быў распрацаваны менавіта тут. Пра гэта, нібыта, сведчыць факт, што дзве са 111 пробаў на каронавірус, якія нядаўна паступілі ў лабараторыю, цалкам супалі са штамам віруса, што распрацоўваўся ў лабараторыі пару гадоў таму. Прычым распрацоўка каронавіруса вялася пад куратарствам таямнічага прадстаўніка ЗША.

Увогуле, тэма прысутнасці амерыканскіх цэнтраў выведкі — вельмі папулярная. Напрыклад, на янкі яшчэ ў лютым гэтага года павесіў адказнасць за эпідэмію ў Іране мясцовы прэзідэнт Хасан Рухані. Падобная інфармацыя гучала і на расійскіх каналах.

Не менш вар’яцкай падаецца ідэя, што за ўсім стаяць амерыканскі ўрад і шэраг фармакалагічных кампаніяў, якія вырашылі ўзбагаціцца. Яшчэ ў 2018 годзе, маўляў, быў выдадзены патэнт на стварэнне каронавіруса. Пасля планавалася, нібыта, выпусціць яго на волю, каб зарабіць грошы на патэнцыйнай вакцыне. Аўтары і паслядоўнікі гэтай тэорыі ўпэўненыя, што такая вакцына існуе, і ў Белым доме толькі чакаюць таго часу, калі эпідэмія дасягне кульмінацыі, каб пачаць продажы антыдоту.

А вось амерыканскі сенатар Том Котан у эфіры канала Fox News падтрымаў ідэю, што вірус стварылі і запусцілі самі кітайцы. Навошта? Каб неяк узяць пад кантроль дэмаграфічны выбух у Паднябеснай. Галоўны аргумент Котана і яго аднадумцаў — у тым, што першы ачаг эпідэміі паўстаў у кітайскім горадзе Ухань. Па збегу абставінаў, менавіта ў гэтым горадзе размешчаны інстытут вірусалогіі, пад кантролем якога працуе самая сучасная ў КНР вірусалагічная лабараторыя.

Арыгінальная думка і групы блогераў, якія бачаць у апошніх падзеях змову медыя. Дзеля сенсацыі, якая прыносіць гешэфт, СМІ, нібыта, запусцілі і падтрымліваюць тэму смяротнага віруса. Між тым, паводле навуковых цэнтраў, узровень смяротнасці для каронавіруса складае 2,3%. У той жа час атыповая пнеўманія не так даўно касіла прыкладна кожнага дзясятага з тых, хто яе падхапіў. Аднак чамусьці такога ажыятажу ў прэсе не назіралася.

Безумоўна, такога кшталту тэорыі падаюцца прымітывам. Напрыклад, тэорыя, што каронавірс — гэта біялагічная зброя, не вытрымлівае крытыкі спецыялістаў: па іх словах, пры выкарыстанні біялагічнай зброі працэнт смяротнасці дасягае 20–30 працэнтаў. Аднак каментары навукоўцаў не бяруцца да ўвагі тымі, хто тыражуе байкі. Хутчэй, наадварот. Пасля таго, як днямі кіраўніцтва Facebook заявіла, што будзе выдаляць усе фэйкі пра каронавірус, пазіцыі канспіролагаў толькі ўмацаваліся. Для іх гэта — лепшы доказ, што сапраўдныя прычыны эпідэміі хаваюцца ад грамадскасці.

Паўстала пагроза, што ў час эпідэміі канспіралагічныя тэорыі могуць сапраўды ўплываць на палітычную дыскусію і імідж палітыкаў, і нават дзяржаваў. Напрыклад, ЗША ўжо афіцыйна абвінавацілі Расію ў распаўсюдзе дэзінфармацыі пра вірус, у тым ліку тэорыю пра тое, што COVID-19 быў створаны ЦРУ як біялагічная зброя.

Зрэшты, магчыма, усё апісанае вышэй было толькі пралогам. У панядзелак на сусветных біржах здарыўся абвал курсаў. Найбольш арыгінальна «чорны панядзелак» пракаментавалі ў Белым доме. Там лічаць, што абвал справакавалі блізкія да дэмакратаў медыя, якія зладзілі сапраўдную істэрыку наконт каронавіруса. Крызіс на біржы патрэбны дэмакратам, каб напалохаць інвестараў, справакаваць укладчыкаў выводзіць грошы ў гатоўку, што падарве фондавы рынак, і, як вынік, абваліць рэйтынг Дональда Трампа.

Як бачым, пошук адказных за эпідэмію становіцца адной з тэмаў прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША.