Яраш: «Правы сектар» гатовы ўступіць у войска ў абмен на амністыю

Лідар украінскай нацыяналістычнай арганізацыі «Правы сектар» Дзмітро Яраш прапанаваў даць магчымасць байцам групоўкі, якія ўдзельнічалі ва ўзброеным канфлікце ў Мукачаве Закарпацкай вобласці, «змыць сваю віну крывёй».



jarash.jpg

Паводле «Украінскай праўды», выступаючы ў пятніцу на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, Яраш заявіў, што «Правы сектар» гатовы ўвайсці ў склад узброеных сіл на сваіх умовах — у абмен на амністыю байцоў, заблакаваных міліцыяй у гарах Закарпацьця. (Паводле дадзеных Службы бяспекі Украіны, гэта каля шасці чалавек.)
Яраш адзначыў, што яны паддаліся на правакацыю, а зброя ў іх была або афіцыйна зарэгістраваная, або засталася з часоў Майдану.
Як перадае агенцтва УНІАН, у пятніцу намеснік генеральнага пракурора Юры Сталярчук паведаміў, што ў сувязі з падзеямі ў Мукачаве распачаты 3 крымінальныя справы — аб стварэнні злачыннай групоўкі, аб тэракце і аб перавышэнні ўлады. Паводле Сталярчука, усе справы будуць аб’яднаны ў адну.
На паседжэнні часовай следчай камісіі, створанай Вярхоўнай Радай, было адзначана, што праводзіцца праверка магчымай датычнасці да канфлікту людзей з акружэння народнага дэпутата Міхаіла Ланё.
«Правы сектар» сцвярджае, што менавіта Ланё справакаваў канфлікт, спрабуючы змяніць схемы кантрабандных патокаў.
11 ліпеня ў Мукачаве адбылася страляніна. Паводле папярэдніх дадзеных праваахоўных органаў, у ёй удзельнічалі прадстаўнікі «Правага сектару», чацьвёра з якіх ужо затрыманыя. Згодна з інфармацыяй мясцовых СМІ, другі бок канфлікту — людзі Міхаіла Ланё. Паводле апошніх звестак, загінулі 2 чалавекі, 14 — пацярпелі.
Паводле "Радыё Свабода"