Еўропу захлынула вялікая вада

Сямёра загінулых, чацвёра зніклых без вестак, каля 8 тысяч эвакуяваных — такі вынік паводкі ў Чэхіі. Вялікая вада прыйшла і ў Аўстрыю з Германіяй. Вайскоўцы ў Славакіі і Венгрыі ўзводзяць загароды там, дзе Дунай можа выйсці з берагоў.



fedcf1c6_d8d1_44c0_99d1_f19d144e4797_w640_r1_s.jpg

Паводка ў Чэхіі. Фота Радыё Свабода.

З-за моцнай паводкі ўлады Чэхіі былі вымушаныя адкрыць шлюзы на поўдні краіны, каб аслабіць ціск у плацінах. З-за гэтага вялікія масы вады накіраваліся да Прагі. Знакаміты Карлаў мост зачынены.

Надзвычайнае становішча, уведзенае 2 чэрвеня на пазачарговым пасяджэнні ўраду, дзейнічае ва ўсіх рэгіёнах Чэхіі за выключэннем Пардубіцкага краю.Прэм'ер-міністар Чэхіі Пётар Нечас заявіў, што ўрад будзе рабіць усё магчымае для дапамогі грамадзянам: як падчас паводкі, так і пасля, калі прыйдзецца ліквідаваць нанесеную вадой шкоду.
 

Для барацьбы з паводкай урад выдзеліў 300 мільёнаў крон (15 мільёнаў долараў). Таксама было прынятае рашэнне накіраваць на ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедства 2000 вайскоўцаў, 300 з іх будуць працаваць у Празе. Першы намеснік мэра сталіцы Чэхіі Томаш Гудэчэк распавёў, што акрамя ваенных змагацца з паводкай дапамагаюць і добраахвотнікі. Гудэчэк не выключае, што, магчыма, прыйдзецца эвакуяваць жыхароў некаторых раёнаў Прагі.
 

У сталіцы Чэхіі закрытыя некалькі станцый метро і перакрытыя некаторыя вуліцы па берагах рэк. Эвакуяваныя жыхары дому састарэлых і пацыенты адной з бальніц. Для наведванняў зачынены комплекс будынкаў езуіцкага калегіюма Клементынум, які знаходзіцца ў гістарычным цэнтры на беразе Влтавы. Эвакуяваная частка жывёлаў з пражскага заапарку. Перастала працаваць адна з водаачышчальных забудоваў Прагі, якія займаюцца ачысткай дажджавой вады з пражскіх вуліц: з-за дажджу не хапае магутнасці.
 

Праліўны дождж працягваецца, асабліва інтэнсіўна ён ідзе ў горных абласцях на поўначы краіны. У некалькіх рэгіёнах Чэхіі працягваецца эвакуацыя людзей: больш за 2,5 тысячы чалавек ужо былі эвакуяваныя. Прыпынены рух цягнікоў на некаторых участках чыгункі. Без электрычнасці засталіся тысячы жыхароў Сярэднечэшскага краю. У некаторых раёнах электрычнасць адключылі прэвентыўна. 3 чэрвеня значна павысіўся ўзровень вады ў рэках на поўначы краіны.
 

Паводка закранула акрамя Чэхіі Аўстрыю і Германію. Узровень ракі Дунай увечары 3 чэрвеня дасягнуў 11 метраў. Такія ж паказчыкі рэгістравалі і падчас катастрафічнага паводкі ў 2002 годзе. Зараз часткова падтопленыя некаторыя гарады ўздоўж Дунаю ў Ніжняй Аўстрыі — напрыклад, Мельк. Драматычная сітуацыя — у Пасаў. Гэты нямецкі горад стаіць на трох вялікіх рэках: Ін, Ільц і Дунай. Метэаролагі прадказваюць, што Дунай упершыню разальецца так жа моцна, як гэта паказана ў сярэднявечных хроніках пачатку XVI стагоддзя.

Эвакуацыя пагражае 18 тысячам чалавек на ўсходзе і поўдні Германіі. Туды адпраўленыя дадатковыя вайсковыя падраздзяленні для дапамогі мясцовым жыхарам. У баварскім горадзе Пасаў вада дасягнула ўзроўню, які тут не назіралі з XVI стагоддзя. Тут уведзена надзвычайнае становішча. Прыпынены чыгуначны рух. Многія раёны горада затопленыя, людзей вывозяць на лодках. У некаторыя месцы ратавальнікі наогул не могуць дабрацца. Многія гарады ў землях Саксонія, Цюрынгія і Бадэн-Вюртэмберг таксама затопленыя вадой. У раёне Лейпцыга эвакуяваны сем тысяч чалавек. Усе яны дастаўлены ў спецыяльныя прытулкі.
 

Узровень вады ў Эльбе дасягнуў крытычнага ўзроўню, які ў апошні раз назіраўся тут у 2002 годзе, калі цэнтральная Еўропа перажыла падобную па сіле паводку.
 

У Аўстрыі фэдэральная зямля Зальцбург аб'яўлена зонай падвышанай небяспекі.
 

Адмыслоўцы папярэджваюць, што вада ў Дунаі таксама прыбывае, і заклікаюць краіны, праз якія цячэ гэтая рака, прыняць неабходныя захады.
 

Вайскоўцы ў Славакіі і Венгрыі ўзводзяць спецыяльныя загароды ў месцах, дзе Дунай хутчэй за ўсё можа выйсці з берагоў, перадае ВВС

Улады Еўрасаюза заявілі пра сваю гатоўнасць дапамагчы тром пацярпелым краінам.

Паводле Радыё Свабода і Еўраньюс

Фота: Reuters

germany_04062013_1.jpg


germany_04062013_5.jpg


germany_04062013_3.jpg


germany_04062013_4.jpg


Читать полностью:  http://news.tut.by/world/351508.html