«Камсамольская праўда» накіруе ў Мінск свайго прадстаўніка ў сувязі з затрыманнем у Маскве Генадзя Мажэйкі
Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін.
«Мы абавязкова ў панядзелак адправім туды нашага спецыяльнага прадстаўніка з Масквы, каб ён на месцы выступаў з нашымі паўнамоцтвамі. Мы праінфармавалі ўлады Расіі. Далей будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб вызваліць яго», – сказаў Сунгоркін.
Генадзь Мажэйка знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. 1 кастрычніка па яго месцы жыхарства ў Мінску быў ператрус. У пастанове на ператрус былі ўказаны два крымінальныя артыкулы: ч. 3 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці ці розні» і арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Мажэйку затрымалі ў Маскве.
Вечарам 28 верасня на сайце kp.by выйшаў матэрыял Генадзя, у якім пра айцішніка Андрэя Зельцэра, удзельніка перастрэлкі на Якубоўскага, расказвала яго аднакласніца. На наступны ранак сайт kp.by заблакавалі рашэннем Мінінфарма.