Кіраўнік хунты М'янмы выпускае з турмаў сваіх праціўнікаў і заяўляе аб прыхільнасці дэмакратыі

У панядзелак кіраўнік хунты М'янмы генерал Мін Аун Хлайн заявіў, што кіруючыя ў краіне ваенныя адданыя міру і дэмакратыі, паведамляе bbc.com.

Генерал Мін Аун Хлайн

Генерал Мін Аун Хлайн


Паводл яго слоў, Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) неабходна ўлічваць правакацыі і гвалт, здзейсненыя праціўнікамі рэжыму.
Заява генерала прагучала пасля таго, як сябры АСЕАН вырашылі не запрашаць яго на чарговы саміт арганізацыі ў канцы кастрычніка, затое запрасіць замест яго прадстаўнікоў апазіцыі.
Бруней, цяперашні старшыня АСЕАН, выступіў з заявай, у якой паказаў на адсутнасць прагрэсу па дарожнай карце, узгодненай хунтай з АСЕАН ў красавіку. Ценявы ўрад у панядзелак вітаў рашэнне АСЕАН, але заявіў, што на саміт павінен адправіцца яго законны прадстаўнік.

Правакацыі і амністыя

У сваім выступе Мін Аун Хлайн зноў агучыў план хунты па аднаўленні дэмакратыі. Ён не згадаў рашэнне АСЕАН, але выказаў здагадку, што абвешчаны па-за законам урад нацыянальнага адзінства і ўзброеныя этнічныя групы спрабавалі сабатаваць мірны працэс пад кіраўніцтвам АСЕАН.
«У росце гвалту вінаватыя правакацыі тэрарыстычных груп, — сказаў Мін Аун Хлайн у сваім выступе па тэлебачанні, дзе ён з'явіўся ў цывільным адзенні. — Нікога не хвалюе гэты гвалт, і ад нас толькі патрабуюць вырашэння гэтай праблемы. АСЕАН трэба над гэтым працаваць».
Не ўдаючыся ў падрабязнасці, Мін Аун Хлайн таксама адзначыў, што ваенны рэжым палічыў бы за лепшае, каб пасланец АСЕАН Эрыван Юсоф наведаў краіну ў адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі, але некаторыя з яго патрабаванняў М'янма задавальняць не будзе.
Пасля выступу Мін Аун Клана дзяржаўнае тэлебачанне аб'явіла, што 5636 чалавек, арыштаваных за ўдзел у пратэстах супраць перавароту, будуць вызваленыя па амністыі. У паведамленні гаворыцца, што рашэнне было прынята з гуманітарных меркаванняў, а ценявы ўрад абвінавачваецца ў беспарадках.
Урад нацыянальнага адзінства — гэта альянс груп праціўнікаў перавароту, у які ўваходзяць і члены звергнутай партыі Аун Сан Су Чжы. Урад падтрымлівае навучанне і фарміраванне апалчэнцаў, так званых «народных сіл абароны», якія ўчынілі шэраг нападаў на сілы бяспекі ў некалькіх рэгіёнах краіны.
Нядаўна ценявы ўрад абвясціў агульнанацыянальны бунт супраць ваеннага кіраўніцтва.
Пераклад «НЧ».