Кіргізія адмаўляецца ад «каларадскай» стужачкі, як знака «вялікай Перамогі»
Мэрыя сталіцы Кіргізіі прапануе адмовіцца ад георгіеўскіх стужачак. Да 70-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне Бішкек плануюць ўпрыгожыць ў чырвона-жоўтых колерах — колерах дзяржаўнага сцяга.
Віцэ-мэр Бішкека Айгуль Рыскулава заявіла, што чыноўнікам прыйшла ў галаву ідэя ўпрыгожыць горад па-новаму.
«У гэтым годзе мы хочам выкарыстоўваць колеры кіргізскага сцяга — чырвоны і жоўты. На плошчы мы павесілі сцягі, такія ж чырвона-жоўтыя стужачкі выкарыстоўваем і пры ўпрыгожванні горада напярэдадні дня Перамогі. Мы назвалі яе стужачкай Перамогі» — сказала Рыскулава, перадае «Новы рэгіён».
Яна запэўніла, што забараняць выкарыстанне георгіеўскай стужкі ніхто не стане, аднак статусу афіцыйнага «сімвала вялікай Перамогі» яе пазбавілі.
У сваю чаргу, віцэ-прэм’ер Кіргізіі па сілавым блоку Абдырахман Маматаліеў заявіў, што афіцыйнага рашэння па змене колеру або адмовы ад георгіеўскай стужачкі няма. Паводле яго слоў, ініцыятыву па змене статусу георгіеўскай стужачкі вылучыла мэрыя Бішкека.
Нагадаем, што ў Беларусі БРСМ таксама прапанаваў адмовіцца ад георгіеўскай стужкі як сімвала перамогі, і прапанаваў замест яе яблыневую кветку з чырвона-зялёнай стужкай — колераў афіцыйнага дзяржаўнага сцяга. Гэтая прапанова знайшла падтрымку ў кіраўніка Беларусі.