Краіне Баскаў. Арнальда Атэгі збіраецца змагацца за незалежнасць мірнымі сродкамі

Культавы лідар забароненай у Іспаніі баскскай партыі "Батасуна" (былая палітычна вітрына тэрарыстычнай групоўкі ЕТА) Арнальда Атэгі  выйшаў з турмы, куды ў свой час трапіў за тое, што, быццам, падпарадкаваўся інструкцыям ЕТА. 



otegi2.jpg

Фота www.hispanidad.com/

Выхад Атэгі на волю баскскія нацыяналісты ўспрынялі як свята: на першую публічную сустрэчу з экс-вязнем прыйшло каля 10 тысяч чалавек. У сваю чаргу, Атэгі падзяліўся з імі планамі. 

Палітык плануе адкрыць у Краіне Баскаў другі пасля каталонскага фронт барацьбы за ліквідацыю іспанскай дзяржавы. Праўда, на гэты раз Атэгі кажа пра выключна мірныя сродкі барацьбы, якія ў тым ліку ўключаюць дыялог з новай генерацыяй іспанскіх левых з партыі "Podemos".

"Podemos", у адрозненне ад традыцыйных іспанскіх левых, дастаткова абыякава ставіцца да дзяржаўнага адзінства Іспаніі, прапануючы каталонцам і баскам самім праз рэферэндум вызначыцца наконт будучага гэтых рэгіёнаў. Атэгі таксама паведаміў пра намер балатавацца на пасаду lehendakari — кіраўніка ўраду баскскай аўтаноміі.

Застаецца дадаць, што іспанская ўлада дастаткова вольна ставіцца да прававых працэдур, калі гаворка тычыцца звязаных з ЕТА асобаў. На думку прэсы, Атэгі маглі лёгка інкрымінаваць іншы артыкул і далей трымаць за кратамі. Тое, што яго выпусцілі, таксама тлумачаць адмоўным стаўленнем Атэгі да перспектыў ЕТА. Яго аўтарытэт і парламенцкая дзейнасць, маўляў, могуць паскорыць працэс канчатковага самароспуску гэтай тэрарыстычнай арганізацыі.