Kyky.org унеслі ў расійскі «чорны спіс» сайтаў
Беларускі інтэрнэт-часопіс Kyky.org унесены ў расійскі рэестр сайтаў з забароненай да распаўсюду інфармацыяй.
Ліст пра гэта рэдакцыя атрымала 10 красавіка.
Прычынай стаў артыкул 2014 году «Люди, которые воруют одежду в магазинах», дзе апісвалася сітуацыя з крадзяжом адзення, у тым ліку ў Расіі. Калі рэдакцыя ня выдаліць гэты артыкул або не абмяжуе да яго доступ у Расіі цягам 24 гадзін, сайт будзе заблакаваны на тэрыторыі Расіі.
Што менавіта забароненага ў артыкуле, не паведамляецца. Рашэнне прыняў Заводаўкоўскі суд Цюменскай вобласці, вядомы сваім рашэннем аб забароне інструкцыі да відэагульні Minecraft, бо там нібыта змяшчаецца рэцэпт выбухоўкі (скласці пяць віртуальных блокаў пораху і чатыры — пяску).
Летась той самы суд забараняў сайт з інструкцыяй для ахоўнікаў крамаў, як супрацьстаяць крадзяжам.
Рэдакцыя Kyky.org прыняла рашэнне выдаліць артыкул, бо доля наведванняў сайту з Расеі складае 14%. Але ягоная копія ўжо была заархіваваная ў кэшы Google і на сэрвісе Archive.is.
У сярэдзіне 2015 году Міністэрства інфармацыі Беларусі часова заблакавала доступ да сайту kyky.org. Падставай стаў матэрыял Аляксандра Кныровіча (які ад студзеня знаходзіцца, меркавана, у СІЗА КДБ, у чым абвінавачваецца — невядома) пра значэнне Дня Перамогі для беларусаў.
svaboda.org