Латвія будзе прасіць грошы ў ЕС на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй

На пазачарговым паседжанні Савета Еўрасаюза, якое адбудзецца ўвечары 23 верасня, Латвія збіраецца прасіць аб выдзяленні ёй дадатковых сродкаў на ўмацаванне і ўладкаванне ўсходняй мяжы. Пра гэта напярэдадні паведаміла прэм'ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма.
 



428f76894ea9005e113915bda4a5b3a0.jpg

На ўсходзе і паўднёвым усходзе Латвія мяжуе з Расіяй і Беларуссю. Працягласць участка беларуска-латвійскай мяжы складае 177,5 км.

Па словах Страўюмы, на дадатковыя сродкі на ўсходняй мяжы плануецца ўзвесці агароджу і іншыя перашкоды, а таксама ўсталяваць камеры відэаназірання.

Са сваёй паўночнай суседкай Эстоніяй і паўднёвай — Літвой умацоўваць кантроль не плануецца, дадала прэм'ер-міністр.
 

Пазачарговае паседжанне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Еўрасаюза склікана прэзідэнтам Савета ЕС Дональдам Тускам для абмеркавання сітуацыі з бежанцамі і стварэння надзейнай еўрапейскай міграцыйнай палітыкі.

Лаймдота Страўюма на сённяшнім саміце таксама мае намер заявіць пра неабходнасць больш сур'ёзнага падыходу да вырашэння праблем міграцыі. Паводле яе слоў, вялікае значэнне маюць прычыны плыні бежанцаў у Еўропу.

"Асабіста я рыхтуюся дастаткова цвёрда сказаць, што мы не можам кожны тыдзень прымаць нейкую колькасць бежанцаў, не задумваючыся аб прычынах", — падкрэсліла прэм'ер Латвіі.
 

БелаПАН