Лекар: этапаваць Саўчанка, значыць яе забіць
Аб цяжкім стане здароўя Надзеі Саўчанка паведамілі член расійскай ГНК, а таксама ўкраінскі МЗС. Адвакат лётчыцы заявіў аб яе магчымым абмене на расейцаў Аляксандрава і Ярафеева.
![0__19179245_303_00.jpg 0__19179245_303_00.jpg](/img/v1/userfiles/images/0__19179245_303_00.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, прысуджаная ў РФ да 22 гадоў калоніі, 6 красавіка абвясціла бестэрміновую сухую галадоўку і зараз знаходзіцца ў крытычным стане. Пра гэта памочніку Саўчанка Алегу Мезенцаву паведаміў лекар, піша ён на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook. «Этапаваць Надзю раўнацэнна смерці, у яе ўнутры ўсё пячэ», — піша Мезенцаў са спасылкай на словы сябра Грамадскай назіральнай камісіі (ГНК) Новачаркасска ўрача Валянціны Чэрэваценка, якая аглядала асуджаную 15 красавіка. «Сліны вельмі мала, мачы таксама вельмі мала, ледзь хапіла каб узяць аналіз. Імкліва губляе вагу», — прыводзіць Мезенцаў словы Чэрэваценка.
Міністэрства замежных спраў Украіны таксама паведаміла аб «вельмі цяжкім стане здароўя» Саўчанкі і падкрэсліла неабходнасць дапусціць да яе ўкраінскіх лекараў. Як гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце МЗС, расійскі бок да гэтага часу не дае на гэта дазвол.
У той жа час дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў тэлефоннай размове з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым заклікаў «неадкладна вызваліць» Надзею Саўчанка, паведамляецца на сайце дзярждэпа.
Адвакат Саўчанкі Ілля Новікаў паведаміў, што лётчыцу могуць абмяняць на расейскіх вайскоўцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ярафеева, якія ва Украіне абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў. На сваёй старонцы ў Facebook Новікаў адзначае, што «канцоўка працэсу» па іх справе апынулася «вельмі сціснутай, у панядзелак ужо будзе абвешчаны прысуд». «Па маіх звестках, хай і неафіцыйных, адзіны варыянт абмену, які абмяркоўваецца — толькі на Надзею і толькі пакуль яна жывая», — піша адвакат.
Паводле Deutsche Welle