Лівія. Кадафісты заклікаюць КНДР атакаваць ЗША

Міжнародная арганізацыя «За Кадафі і яго народ» («Зялёны сацыялізм»), якая аб’ядноўвае прыхільнікаў Муамара Кадафі і марыць аднавіць у Лівіі былы рэжым, заклікала КНДР нанесці прэвентыўны ядзерны ўдар па ЗША.



libyan_army.jpg

«Мы падтрымаем нанясенне прэвентыўнага ядзернага ўдару па ўзброенай да зубоў флатыліі разбойнікаў, калі ўрад братэрскай нам рэспублікі палічыць патрэбным ужыванне гэтага віду зброі для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці сацыялістычнай дзяржавы. Нам, як нікому іншаму, зразумела, што спыніць агрэсара на сённяшні дзень здольны толькі магутны ядзерны кулак». На думку падпісантаў, калі б Кадафі ў свой час не адмовіўся ад развіцця лівійскай атамнай праграмы, «была б захавана квітнеючая краіна Афрыкі, у ёй працягвалася б мірнае жыццё, будаваліся б лякарні, школы, дарогі і нават Цуды свету, пад кіраўніцтвам мудрага лідара».

Заклік выклікаў шок у той часткі левага руху, які сімпатызуе Паўночнай Карэі. Шмат хто пабачыў у падобных закліках правакацыю, якая дазволіць Захаду самому нанесці ўдар па КНДР. Прысутнічае нават думка пра тое, што групоўка створаная ЦРУ з мэтай дыскрэдытацыі антыімперыялістычнага руху. Аднак ідэя атамнага армагедону шмат каму падабаецца. Некаторыя кадафісты прапануюць арганізацыі пачаць распрацоўку атамнай праграмы ў рамках арганізацыі «За Кадафі», каб пагражаць новаму ўраду Лівіі.

Паводле замежнай прэсы