«Людзі моўчкі куплялі фатаграфіі прэзідэнта» — партрэты ідуць у нагрузку да ежы
Жыхароў Фарапскага раёна прымушаюць купляць фатаграфію прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава разам з прадуктамі харчавання, якія прадаюцца ў дзяржаўных крамах у Лебапскім велаята Туркменістана.
«У дзяржаўных крамах Фарапскага этрапа ў сёлах Махтымгулы і Бухарскі ў продажы з'явіліся мука і хлеб, якія прадаюцца насельніцтву ў абмежаванай колькасці ў якасці пайка на травень і чэрвень. Жыхары чакалі, што ад іх запатрабуюць купляць у нагрузку пратэрмінаваныя прадукты ці нізкаякасныя вырабы з айчыннага тэкстылю. Але на гэты раз ад іх запатрабавалі купіць фатаграфію прэзідэнта», — паведамляе Радыё Азатлык
Прэзідэнцкая фатаграфія памерам 50х35 сантыметраў каштуе 20 манатаў (каля 6 долараў).
Як паведамляе Азатлык, людзі не пратэставалі, бо вакол крамаў стаяць супрацоўнікі Міністэрства ўнутранай бяспекі (МУБ) і паліцыі: «Людзі моўчкі куплялі фатаграфіі прэзідэнта».
Ні ўладальнікі крамаў, ні мясцовыя чыноўнікі не тлумачаць насельніцтву прычыну, па якой людзей вымушаюць такім чынам набываць прэзідэнцкія партрэты.
На думку афіцэра паліцыі, які гутарыў з карэспандэнтам Азатлыка на ўмовах ананімнасці, улады лічаць, што калі фатаграфія Бердымухамедава будзе ў кожным доме, то насельніцтва будзе яго больш любіць.
Паводле azathabar.com