«Мемарыял» вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру
Ініцыятарам вылучэння праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» на Нобелеўскую прэмію міру стала дэпутацкая група ў падтрымку Аляксея Навальнага і іншых палітвязняў Расіі ў парламенце Эстоніі, паведамляе www.dw.com.
Праваабарончая расійская арганізацыя «Мемарыял» («Міжнародны Мемарыял» і ПЦ «Мемарыял») вылучана ў якасці кандыдата на Нобелеўскую прэмію міру. Пра гэта паведамляецца на яе сайце ў чацвер, 27 студзеня.
Ініцыятарам вылучэння стала дэпутацкая група ў падтрымку Аляксея Навальнага і іншых палітвязняў Расійскай Федэрацыі ў парламенце Эстоніі. Як адзначае прэс-служба «Мемарыяла», пры вылучэнні было вырашана не ўдакладняць, якая менавіта юрыдычная асоба намінаваная. «У вачах міжнароднай грамадскасці "Мемарыял", ля вытокаў якога стаяў А. Д. Сахараў, адзіны, "Міжнародны Мемарыял" і праваабарончы цэнтр — яго часткі», — цытуюць прадстаўнікі арганізацыі крыніцу ў эстонскім парламенце.
У 2021 годзе Нобелеўскую прэмію міру атрымаў галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў. Узнагароду прысудзілі яму за «намаганні па захаванні свабоды думкі як абавязковай умовы для дэмакратыі і міру».
28 снежня 2021 года Вярхоўны суд РФ пастанавіў ліквідаваць «Міжнародны Мемарыял», абгрунтаваўшы гэта тым, што арганізацыя, на думку суда, парушала закон аб «замежных агентах».
Генпракуратура Расіі ў сваім пазове сцвярджала таксама, што «Мемарыял» займаўся палітычнай дзейнасцю з мэтай уплыву на дзяржаўныя рашэнні і фарміравання грамадскай думкі.