На пасаду прэзідэнта Украіны прэтэндуюць два былыя паслы ў Беларусі

На пасаду прэзідэнта Украіны, выбары якога пройдуць 31 сакавіка, прэтэндуюць два былыя паслы гэтай краіны ў Беларусі — 53-гадовы Валянцін Налівайчанка і 52-гадовы Раман Бяссмертны. Першы ўжо зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты ад сваёй партыі. Другі 26 студзеня стварыў рух «Рух +380» (гэтыя лічбы — міжнародны тэлефонны код Украіны), але ідзе як самавылучэнец, паколькі структура яшчэ не зарэгістраваная, піша БелаПАН.

korrespondent.net

korrespondent.net

Валянцін Налівайчанка ўзначальваў ўкраінскую дыпмісію ў Мінску з 30 снежня 2005 года па 29 мая 2006 года. З беларускай сталіцы быў адкліканы ў сувязі з указам прэзідэнта Віктара Юшчанкі аб прызначэнні першым намеснікам старшыні Службы бяспекі Украіны — кіраўніком Антытэрарыстычнага цэнтра. Да прыезду ў Мінск быў намеснікам міністра замежных спраў. Падчас уручэння даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку 13 сакавіка 2006 года Налівайчанка заявіў, што прыкладзе ўсе намаганні для далейшага развіцця двухбаковых адносінаў, каб падтрымаць дынаміку росту гандлёва-эканамічных сувязяў і пашырыць культурны абмен. Па словах дыпламата, прэзідэнт Украіны даручыў яму ўсебакова развіваць і ўмацоўваць дружалюбныя адносіны паміж краінамі. Лукашэнка запэўніў пасла, што беларускае кіраўніцтва зробіць усё, каб місія пасла была паспяховай.

Валянцін Налівайчанка

Валянцін Налівайчанка

Налівайчанка балатуецца ад партыі «Грамадска-палітычны рух Валянціна Налівайчанкі «Справядлівасць». Ідзе на выбары пад лозунгам «Моцны лідар — моцная краіна!» Выступае за «абнаўленне і ачышчэнне» улады, зняцце ільгот і прывілеяў з прэзідэнта, членаў урада і дэпутатаў парламента, дэакупацыю Крыма і Данбаса, прыняцце Кодэкса сацыяльнай абароны грамадзян. «Наведу парадак хутка і рашуча!» — абяцае кандыдат на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Раман Бяссмертны

Раман Бяссмертны

Раман Бяссмертны быў амбасадарам у Беларусі з 24 лютага 2010 года да 3 чэрвеня 2011 года. Быў прызначаны Юшчанкам за суткі да заканчэння яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і зняты наступным кіраўніком дзяржавы Віктарам Януковічам. Даверчыя граматы Бяссмертны ўручыў Лукашэнку 14 чэрвеня 2010 года. «Адносіны з Украінай апошнім часам набылі сапраўды стратэгічны характар», — заявіў тады беларускі кіраўнік. Падчас нефармальнай размовы з паслом ён папрасіў перадаць «самыя добрыя пажаданні» Януковічу. «З абраннем новага прэзідэнта Украіны вельмі дынамічна праходзіць дыялог, — сказаў Бяссмертны. — Тая актыўнасць, якая праяўляецца на працягу вясны і ў пачатку лета гэтага года — вельмі шматабяцаючая». Пасля адзін з лідараў «памаранчавай рэвалюцыі» 2004 года, да прыезду ў Мінск — кіраўнік выканкаму партыі Юшчанкі «Наша Украіна», Бяссмертны неаднаразова крытыкаваў беларускія ўлады за недэмакратычныя метады кіравання. За суткі да звальнення з пасады пасла Бяссмертны ў эфіры ўкраінскага тэлеканала TVi назваў разгон акцыі 19 снежня 2010 года ў Мінску пасля заканчэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах беспрэцэдэнтным для еўрапейскіх краін.
У чэрвені 2012 года ў інтэрв'ю БелаПАН Бяссмертны заявіў, што пры Януковічы назірае ў Украіне «сімптомы лукашэнізацыі краіны».
Лозунг Бязсмертнага на цяперашніх выбарах — «Свабода, чалавек, праца». «Мы павінны адсунуць ад улады хлусаў і злодзеяў і прывесці да ўлады людзей, галоўнай каштоўнасцю якіх з'яўляецца Чалавек», — заяўляе палітык.

Юрый Касьянаў

Юрый Касьянаў

Пра намер пайсці ў прэзідэнты раней абвясціў таксама карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН у 2001-2002 гадах 50-гадовы Юрый Касьянаў, ураджэнец Ровенскай вобласці Украіны. Зараз ён збірае грошы на выбарчы заклад. 23 студзеня Касьянаў напісаў у «Фэйсбуку», што на яго рахунку 187 тыс. грыўняў з неабходных 2,5 млн. Юрый Касьянаў — актыўны ўдзельнік Еўрамайдана, адзін з заснавальнікаў валанцёрскай арганізацыі «Войска SOS». Стварыў грамадскае доследна-канструктарскае бюро беспілотнай авіяцыі «Матрыца тэхналогій». Восенню 2018 года пачаў новы праект па распрацоўцы беспілотных сістэм — A.Drones. Выступае за ваеннае рашэнне канфлікту на Данбасе.
Усяго аб намеры змагацца за пасаду прэзідэнта Украіны ўжо заявіла больш за 30 чалавек, з іх 20 ужо зарэгістраваў Цэнтрвыбаркам.
naviny.by