На шляху да Назарабаеў-Сіці
Казахскі афіцыёз прыдумляе самыя неверагодныя тэорыі, каб апраўдаць перайменаванне сталічнага аэрапорта ў гонар цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Але на новай назве аэравакзалу праслаўленне Назарбаева ў тапаніміцы наўрад ці закончыцца.

«Вітаем вас у аэрапорце імя Нурсултана Назарбаева!» — такім паведамленнем цяпер сустракаюць усіх пасажыраў, якія прылятаюць у Астану. Мясцовы аэрапорт рашэннем урада займеў адпаведную назву. З улікам таго, што ў Казахстане няма дэфіцыту ў аб’ектах, які носяць імя кіраўніка дзяржавы, інфармацыя пра аэрапорт імя Назарбаева, падавалася б, не заслугоўвае вялікай увагі.
Між тым, існуюць як мінімум два моманты, якія выклікаюць, як модна зараз казаць, кагнітыўны дысананс. Па-першае, сам Елбасы раней рашуча выступаў супраць ідэі «аэрапорта імя Назарбаева». Яшчэ ў 2008-м, калі новую назву прапанаваў адзін з сенатараў, казахскі лідар палічыў гэта перагінам. «Я заўсёды быў супраць усялякіх такіх перайменаванняў, і тым больш, калі называюць маю персону. Я яшчэ нікуды не збіраюся сыходзіць, я збіраюся працаваць так доўга, наколькі народ мне будзе давяраць і наколькі будуць дазваляць мае магчымасці і здароўе», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.
Па-другое, новую назву аэрапорт у Астане атрымаў падчас правядзення ў Казахстане сусветнай выставы ЭКСПА, што адчынілася 10 чэрвеня, — мерапрыемства, якое так ці інакш вымушаныя маніторыць сусветныя медыя. Наўрад ці Назарбеву трэба, каб нехта падазраваў яго ў кульце асобы.
Нармальнага адказу на пытанне, што за муха ўкусіла Назарбаева (без яго подпісу змена назвы аэрапорта была б немагчымай), няма. Таму даводзіцца задавольвацца экстравагантнымі версіямі ад атачэння Назарбаева і СМІ.
Перш за ўсё, у афіцыйных медыя зноў узгадалі, што ў свеце мноства прыкладаў, калі аэрапорты носяць імёны кіраўнікоў краіны. Напрыклад, аэрапорты імя Індзіры Гандзі, Джорджа Буша, Вацлава Гавела, Шарля дэ Голя. Не так даўно (а дакладней, 4 мая 2017 года) Міжнародны аэрапорт Ташкента атрымаў імя першага прэзідэнта краіны Іслама Карымава. Праблема, аднак, у тым, што ўсе згаданыя асобы на той момант, як сталі «чалавекам-аэрапортам», былі нябожчыкамі. Назарбаеў жа паміраць, падаецца, не збіраецца.

Не пасуе і тэзіс пра тое, што аэрапорты абавязкова павінны насіць імя вялікіх палітыкаў. Напрыклад, нямецкая грамадскасць вельмі крытычна рэагуе на прапанову назваць Франкфурцкі аэрапорт у гонар экс-канцлера Гельмута Коля. Хаця гістарычны маштаб яго фігуры непараўнальна большы за Елбасы.
Гэта не ўсе аргументы на карысць перайменавання паветранага порту. Прапануюцца іншыя, якія таксама часта пераходзяць мяжу здаровага сэнсу. Гучыць тэма, што перайменаванне будзе спрыяць высокай якасці функцыянавання аб’екта, паколькі курыраваць яго будзе вымушаны сам гарант. Вось што піша адзін з дэпутатаў: «Нурсултан Назарбаеў, як вы памятаеце, пагадзіўся надаць навучальнай установе сваё імя, тым самым узяўшы на сябе поўную адказнасць за гэты аб’ект. І тут жа новы, ці, хутчэй, мадэрнізаваны аэрапорт Астаны таксама называюць імем Нурсултана Назарбаева, і гэта правільна».
Іншы чыноўнік тлумачыць неабходнасць перайменавання патрэбай развіваць мясцовы турыстычны сектар. На яго думку, турысты будуць прылятаць у Казахстан на імя Назарбаева, які, як яны лічаць, вельмі папулярны сярод замежнікаў.
Аднак усіх яўна пераплюнула дэпутат Ірына Унжакава. Калі верыць ёй, аэрапорт «Нурсултан Назарбаеў» — гэта «вербальная гарантыя міралюбнасці казахскага народа». Праўда, што гэта значыць дакладна, аўтарка цытаты не патлумачыла.

Самае цікавае тое, што некаторыя парламентарыі і чыноўнікі з лагеру Назарбаева рашуча пратэстуюць супраць новай назвай сталічнага аэрапорта, паколькі, на іх думку, Нурсултан Назарбаеў, маўляў, варты большага. Як тут ні прыгадаць, што ў Казахстане прыкладна з вясны агучваецца ідэя перайменавання Астаны ў гонар кіраўніка краіны. У сеціве ўжо хапае прагнозаў пра хуткую новую назву сталіцы. Самыя папулярныя версіі — Назарбаеў-Сіці, або проста Нурсултан.
Дарэчы, сам Назарбаеў рашуча адхіліў гэтую ініцыятыву. Але ж вы памятаеце, што ён казаў наконт аэрапорта?