На выбарах Пуцін атрымлівае больш за 76 працэнтаў галасоў
Цэнтральная выбарчая камісія падвяла вынікі па 99,79% пратаколаў. Аднак Пуцін ужо атрымлівае афіцыйныя віншаванні ад кіраўнікоў некаторых дзяржаў.
Уладзіміра Пуціна
ўжо павіншавалі з перамогай прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, кіраўнік
Венесуэлы Нікалас Мадура і лідар сепаратысцкай Абхазіі, незалежнасць якой
прызнае Расія і Венесуэла, паведамляе “Радыё Свабода”.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Пуціна з пераканаўчай перамогай на выбарах прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, перадае БЕЛТА. Прычым таксама да афіцыйнага абвяшчэння перамогі на выбарах.На выбарах прагаласавалі 67% выбаршчыкаў па
выніках падліку 91,5% пратаколаў, сказаў журналістам намеснік кіраўніка ЦВК Мікалай Булай.
Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтрвыбаркама, дзеючы кіраўнік дзяржавы Уладзімір Пуцін набраў 76,66 адсотка галасоў. На другім месцы знаходзіцца кандыдат ад КПРФ Павел Грудзінін (11,80%), на трэцім — лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі (5,67%), на чацвёртым — кандыдат ад «Грамадзянскай ініцыятывы» Ксенія Сабчак (1,67%), на пятым Грыгорый Яўлінскі з «Яблоко» (1,04%).
Барыс Цітоў, Максім Сурайкін і Сяргей Бабурын, па папярэдніх дадзеных, набралі менш за адзін працэнт кожны.
Назіральнікі на выбарчых участках у розных рэгіёнах Расіі неаднаразова паведамлялі пра такія парушэнні, як падвоз выбаршчыкаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, а таксама пра «ўкід» бюлетэняў у скрыні. Некалькі такіх эпізодаў захавалі камеры назірання. Шэраг назіральнікаў паскардзіліся, што на іх аказвалі ціск і не далі працаваць на ўчастках.
У Цэнтрвыбаркаме выбары назвалі празрыстымі і заявілі, што сур'ёзных парушэнняў не было. МУС Расіі ўзбудзіла 13 крымінальных спраў, звязаных з выбарчай кампаніяй, з моманту яе пачатку. У 2012 годзе на момант закрыцця ўчасткаў такіх крымінальных спраў было 23.
Уладзіміру Пуціну 65 гадоў. Ён кіруе Расіяй з 2000 года. 13 гадоў ён правёў на пасадзе прэзыдэнта краіны, яшчэ чатыры гады — на пасадзе кіраўніка расейскага ўраду.
Паводле www.svaboda.org