На Кубе ізноў затрымалі “Жанчын у белым”
ЗША выказалі глыбокую занепакоенасць у сувязі з затрыманнем 90 дысідэнтаў з праваабарончай групы "Жанчыны ў белым" на Кубе на мінулых выходных.

Як сцвярджаюць дысідэнты, кубінскія сілы бяспекі затрымалі іх на 4,5 гадзіны.
Па словах мясцовых праваабаронцаў, кубінскія апазіцыянеры жывуць пад пастаяннай пагрозай арышту: з чэрвеня мінулага года на тэрыторыі Кубы былі здзейсненыя 674 затрыманні дысідэнтаў, паведамляе BBC.
Жанчын-праваабаронцаў з руху "Жанчыны ў белым", на Кубе арыштоўваюць не ўпершыню: такія выпадкі здараліся ў 2010 і ў 2012 годзе.
Рух "Жанчыны ў белым" быў створаны жонкамі і сваякамі кубінскіх палітвязняў, якія дамагаліся іх вызвалення. У 2005 годзе яго ўдзельніцы былі ўзнагароджаны прэміяй Сахарава. Улады краіны неаднаразова заяўлялі, што рух фінансуецца з ЗША, а праўдзівай яго мэтай з'яўляецца разбурэнне дасягненняў кубінскай рэвалюцыі. Акцыі руху рэгулярна заканчаюцца разгонамі і арыштамі.
Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры збіраецца наведаць Кубу ў пятніцу. Гэты візіт павінен стаць першым з боку кіраўніка амерыканскага дыпламатычнага ведамства на востраў за 70 гадоў.