На парламенцкіх выбарах у Латвіі лідуе прарасійская партыя
Партыя “Згода” набірае 24% галасоў. Такія звесткі публікую латвійскі Цэнтрвыбаркам па выніках апрацоўкі пратаколаў з амаль 80% выбарчых участкаў.
Партыя “Згода”, якая прадстаўляе інтарэсы рускамоўнага насельніцтва, набірае 24,25% галасоў. Яе бліжэйшы супернік — “Саюз зялёных і сялян” — атрымаў 20,36%, а партыя “Адзінства” набірае 20,68%, пішуць замежныя СМІ.
Апроч таго, у парламент прайшоў блок “Усё для Латвіі! — Айчыне і свабодзе / Рух за нацыянальную незалежнасць Латвіі” — ён атрымаў 15,76% галасоў. Партыя “Ад сэрца — Латвіі” набрала 7,11%, а Латвійскае рэгіянальнае аб’яднанне — 6,11%. Астатнія партыі і рухі, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, не пераадолелі бар’ер у 5%.
За 100 месцаў у заканадаўчым сходзе Латвіі змагаліся 13 палітычных партый і аб’яднанняў краіны, якія прадстаўлялі 1 тысяча 156 кандыдатаў. На сёння ў Латвіі жыве каля 2 мільёнаў чалавек, права голасу маюць амаль паўтара мільёна.